Міліцыя рыхтуецца да прыезду паўтары тысячы фанатаў „Кёльна”
На матчы трэцяга тура групавога этапу Лігі Еўропы УЕФА БАТЭ — „Кёльн” чакаецца каля тысячы фанатаў гасцей, паведаміла прэс-служба нямецкага клуба.
На выязной гульні першага тура супраць „Арсенала” 14 верасня заўзятары „Кёльна” зладзілі беспарадкі. Частка з іх прыбыла на стадыён без квіткоў. Гульня была адкладзеная на гадзіну. Усяго ў сталіцу Англіі прыехала каля 20 тыс. фанатаў „казлоў” (гэта жывёла намалявана на эмблеме клуба).
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Менаблвыканкама, міліцыя рыхтуецца да арганізацыі бяспекі на стадыёне з разліку, што на матч прыедуць паўтары тысячы фанатаў каманды гасцей. „Будуць прыцягвацца і ДАІ (для суправаджэння), і АМАП. Рыхтуемся з улікам інфармацыі пра падзеі ў Лондане”, — сказаў прадстаўнік УУС.
Германія ўваходзіць у лік 80 краін, грамадзяне (падданыя) якіх могуць знаходзіцца ў Беларусі пяць дзён без візы, калі прыбываюць праз пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Менск.
Матч БАТЭ — „Кёльн” адбудзецца 19 кастрычніка, пачатак у 20 гадзін. У продажы засталося каля 500 квіткоў, паведаміў БелаПАН прэс-аташэ беларускага клуба Сяргей Дашкевіч.
17 кастрычніка БАТЭ звярнуўся да заўзятараў з заклікам не рабіць „дзеянні, якія могуць пацягнуць за сабой санкцыі з боку УЕФА”. „Да правіннасці адносяцца, у прыватнасці, выбяганне гледачоў на футбольнае поле, выкарыстанне піратэхнікі, любыя дыскрымінацыйныя скандаванні і гэтак далей”, — гаварылася ў звароце.
„У выпадку калі гэтыя дзеянні будуць учыненыя і дысцыплінарныя органы УЕФА накладуць на ФК БАТЭ штраф, наш клуб разгледзіць магчымасць выстаўлення парушальніку або парушальнікам рэгрэснага іску з мэтай кампенсацыі атрыманага ўрону. Адзначым, што звычайна такія штрафы вылічаюцца тысячамі еўра, а такая практыка прыцягнення да адказнасці балельшчыкаў у гісторыі ФК БАТЭ ўжо была!” — падкрэслілі ў клубе.
28 верасня падчас матча другога тура БАТЭ — „Арсенал” на поле з бел-чырвона-белым сцягам і ў майцы з гербам „Пагоня” выбег жыхар Вілейкі Аляксандр Венгерскі. Яго злавілі сцюарды і перадалі міліцыі. Венгерскі атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. У сувязі з інцыдэнтам Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) адкрыў дысцыплінарную вытворчасць. Паводле слоў прэс-аташэ БАТЭ Дашкевіча, рашэнне па выніках разгляду справы яшчэ не прынятае.
Фота Eurosport