„Мінск” прайграў баскетбалістам „Пармы”



Баскетбалісты „Мінска” зноў пацярпелі паразу ў гульнях другога этапа рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. Гуляючы ў Пермі супраць лідара групы В „Пармы-Пары”, менчане пайшлі на вялікі перапынак, саступаючы ўсяго 4 балы – 34:38. Але потым гаспадары поўнасцю завалодалі ініцыятывай і ў выніку выйгралі з розніцай у 15 ачкоў – 67:82. Пасля 24 матчаў у актыве пермскага клуба стала 11 вікторый, у падначаленых Расціслава Вергуна адна перамога ў 25 сустрэчах.

Сасновіч не выйшла ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру ў Абу-Дабі

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паразай завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-500 у Абу-Дабі з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу парнага разраду беларуска і канадская тэнісістка Лэйла Фернандэс саступілі ў дзвюх партыях расейска-кітайскаму тандэму Вера Званарова / Чжаасюань Ян – 4:6, 4:6.

Варфаламееў камандзіраваны ў жлобінскі „Металург”

У жлобінскі „Металург” з менскага „Дынама” камандзіраваны 27-гадовы нападнік Павел Варфаламееў. Як паведамляе прэс-служба „Металурга”, хакеіст далучыцца да „ваўкоў” (у гэтым сезоне гэта фарм-клуб менчан) у бліжэйшы час. Расеец выступае за „зуброў” з сезона-2020/21. У бягучым чэмпіянаце КХЛ Варфаламееў набраў 24 (14+10) ачкі ў 42 матчах. Ён другі снайпер (больш закінуў толькі Нік Мёрклі) і пяты бамбардзір „Дынама”. У кастрычніку Павел прызнаваўся найлепшым нападнікам тыдня ў КХЛ.

Першае золата чэмпіянату свету па біятлоне выйгралі нарвежцы

У Аберхофе стартаваў чэмпіянат свету па біятлоне. У змяшанай эстафеце 4х6 км не было роўных нарвежцам у складзе Тандрэвалд, Рэйселанд, Лагрэйд, Бё-малодшы, нягледзячы на штрафны круг у Інгрыд Тандрэвалд. Срэбра заваявалі італьянцы, бронза ў французаў. Усяго стартавалі 26 каманд.

„Рэал” стал фіналістам клубнага чэмпіянату свету

Футбалісты мадрыдскага „Рэала” пяты раз выйшлі ў фінал клубнага чэмпіянату свету, які праходзіць у Марока. У другім паўфінальным матчы пераможцы Лігі чэмпіёнаў УЕФА абыгралі ў Рабаце фіналіста афрыканскай ЛЧ егіпецкі „Аль-Ахлі” з Каіра з лікам 4:1. У суботу, 11 лютага ў вырашальным паядынку за галоўны прыз „Рэал” сустрэнецца з чатырохразовымі трыўмфатарамі азіяцкай чэмпіёнскай Лігі футбалістамі „Аль-Хіляля” з Саудаўскай Аравіі. У першым паўфінале клуб з Эр-Рыяда сенсацыйна абыграў з лікам 3:2 уладальніка Кубка Лібертадорэс бразільскі „Фламенга” з Рыа-дэ-Жанэйра. У мінулым сезоне клубны чэмпіянат планеты ўпершыню выйграў ангельскі „Чэлсі” з Лондана, які перамог у фінале бразільскі „Палмэйрас” з Сан-Паўлу з лікам 2:1.

Беларускае Радыё Рацыя