Мундыяль: Англія разбурыла Карфаген



Швецыя 12 гадоў не была на мундыялях. Усе яе гульцы сённяшняга складу – абсалютныя дэбютанты чэмпіянату свету. Скандынавы не пусцілі на турнір саму Італію і ад іх можна чакаць большага і ў фінальнай стадыі. Першы тайм паядынку з паўднёвымі карэйцамі “трэ крунур” дамінавалі, але дзеілі досыць просталінейна. Сама верны голавы момант загубіў форвард Маркус Берг – ён умудрыўся трапіць у галкіпера супернікаў метраў з шасці. Іншы нападнік Ола Тойванен зусім згубіўся на полі. Азіяты не грэбавалі тактыкай дробнага фолу і да перапынку стрымалі імпэт еўрапейцаў.

У другой палове агульная карцінка не мянялася. На 63-й хвіліне Віктар Клаэсан зарабіў пенальці, які быў прызначаны толькі пасля прагляду відэапаўтораў. Капітан шведаў, дасведчаны Андрэас Гранквіст упэўнена рэалізаваў 11-мятровы. Адыграцца карэйцы асаблівых шанцаў не мелі. Скандынавы не перамагалі ў стартавых сустрэчах мундыялю ажно з хатняга першынства 1958 года – урэшце гэтая серыя спынілася.

Швецыя – Паўднёвая Карэя – 1:0 (Гранквіст, 65 хв., з пенальці)

Праграму кампаніі “G” адкрывалі ў Сочы Бельгія і Панама. Азар і яго каманда грамілі ўсіх супернікаў у адборавым турніры, забіўшы ажно 43 мячы. У фінальным спаборы так проста не будзе. Увесь першы тайм еўрапейцы ціснулі загадкавых для нас прадстаўнікоў транскантынентальнай дзяржавы. Пладоў гэтыя атакі, аднак, не прынеслі. Як і нешматлікія спробы панамцаў “вылавіць рыбку ў мутнай вадзе”.

На самым пачатку другой паловы Дрыс Мэртэнс распячатаў браму цэнтральнаамерыканцаў у стылі незабыўнага Марка ван Бастэна. А далей “мяшок развязаўся”. Спярша Кевін дэ Бройне выпісаў філігранны пас на Рамела Лукаку, а той галавой эфектна падрэзаў мяч у сетку. Наступным асістэнтам выступіў ужо Азар, а завяршальнікам зноў Лукаку, які ў сваім 70-ым матчы за зборную аформіў 38-ы гол. Панама, якая ёсць найстарэйшай на турніры па сярэднім узросце была блізкай да голу прэстыжу, аднак так і не здолела вызначыцца.

Бельгія – Панама –3:0 (Мэртэнс, 47 хв., Р. Лукаку, 69, 75 хв.)

У гэтай жа групе ў Валгаградзе позна ўвечары высвятлялі адносіны Англія з Тунісам. І тут еўрапейская дружына на паперы была выразным фаварытам. Першы тайм, у якім было вельмі багата падзеяў, пацвердзіў гэта і на полі. Аднак, дружыну “трох ільвоў” падводзіла кепская рэалізацыя перавагі. Фактычна ў пустую браму пасля перадачы Лінгарда не трапіў Рахім Сцерлінг, сам Лінгард быў надзвычай няўдачлівы, аднойчы „паказытаўшы” штангу. Тым не менш брытанцы першымі, ужо на 11-й хвіліне, дамагліся поспеху – капітан і лепшы бамбардзір Хары Кейн спрытна згуляў на дабіванні. Пасля гэтага тунісцы змушана замянілі свайго брамніка Муэза Хасэна, які выбіў плячо, падаючы на зямлю. Развіць поспех камандзе з туманнага Альбіёна не ўдалося, а на 35-й хвіліне калумбійскі арбітр прызначыў дастаткова недарэчны пенальці: гэта неабачліва локцем махнуў Кайл Уокер, а супернік яшчэ і правакацыйна рухнуў на газон. Малады брамнік ангельцаў Джордан Пікфард дацягнуўся да мяча пры выкананні 11-мятровага, але адхіліць стрэл не здолеў.

У другой палове ангельцы зноў накрылі супернікаў высокім прэсінгам. Тунісцы чапляліся за нічыю як маглі, не грэбуючы і бруднымі метадамі. І ўсё ж Карфаген быў разбураны – пакінуты абаронцамі Кейн у самай канцоўцы галавой пераправіў мяч у браму. Галоўная выснова – маладая зборная Англіі павінна істотна дадаваць у тактыцы, каб дасягнуць нечага сур’ёзнага на гэтым мундыялі.

Туніс – Англія – 1:2 (Ф. Сасі, 35 хв., з пенальці; Кейн, 11, 91 хв.)

У аўторак стартуюць на чэмпіянаце дружыны апошняга квартэту “Н”. А 15-й гадзіне беларускага часу ў Саранску на зялёны газон выйдуць зборныя Японіі і Калумбіі. Пасля завяршэння адбору “самураі” лічыліся лепшай камандай Азіі, але як здарылася нечаканая адстаўка іх баснійскага рулявога Вахіда Хахілходжыча, стан і перспектывы каманды краіны “узыходнага сонца” туманныя. У шэрагах калумбійцаў лепшы снайпер мінула мундыялю – тады Хамес Радрыгес забіў ажно 6 мячоў, а зараз ён настроены павялічыць свой баланс.

Апошнімі свае візітныя карткі выкладуць дружыны Польшчы і Сенегала. У трэнераў гэтых каманд напэўна баліць галава з пытаннем – як нейтралізаваць грозных бамбардзіраў супернікаў – адпаведна Роберта Левандоўскага і Садыё Мане. Абойму сенегальцаў складаюць гульцы, якія выступаюць пераважна ў Англіі і Францыі. Ростар палякаў выглядае таксама досыць салідна. Пачатак гульні ў Маскве а 18.00.

Расея і Егіпет позна ўвечары (21.00) адкрыюць праграму другога туру. Галоўная інтрыга – ці з’явіцца на полі лідар “фараонаў” Махамед Салах. Калі гэты форвард у фізічным парадку, абароне гаспадароў турніру давядзецца несалодка. На баку расейцаў тры ачкі пасля ўдалага старту і падтрымка сваіх трыбунаў. Егіпет у гэтым паядынку змушаны гуляць толькі на перамогу.

Беларускае Радыё Рацыя