Мундыяль: Германія прайграла, Бразілія не выйграла



Матчы апошніх дзён не былі ўраджайнымі на галы, але гэта  кампенсавалі іх вынікі, якія інакш як сенсацыйнымі не назавеш. Учора на чэмпіянаце свету было цікава – у двух матчах гулялі фаварыты турніру і абодва не змаглі выйграць. Такое бывае, калі каманда толькі пачынае турнір. Але можа і перашкодзіць у далейшай гісторыі.

Сербія – Коста-Рыка 1:0 (Калараў, 57 хв.)

У першым матчы ў групе Е сустракаліся каманды Сербіі і Коста-Рыкі. Гульня была вельмі важнай, бо ў адной групе з імі моцная Швейцарыя і Бразілія, якая не мае патрэбы ў прадстаўленні. Таму кожнай зборнай абавязкова трэба было набраць ачкі. У першым тайме абедзве каманды шукалі шчасця ля чужой брамы. Аднак у сербаў Сяргей Мілінкавіч-Савіч двойчы не змог перайграць брамніка костарыканцаў і мадрыдскага „Рэала” Кейлора Наваса. У Коста-Рыкі выдатную магчымасць меў Джанкарло Гансалес, але прамахнуўся. У другім тайме Аляксандр Мітравіч пасля пасу Мілінкавіча-Савіча меў выдатны шанец, аднак у чарговы раз на вышыні апынуўся Навас. І ўсё-ткі на 57-й хвіліне сербскай дружыне ўдалося прабіць брамніка: Аляксандар Калараў магутным ударам са штрафнога забіў мяч. Крыху пазней сербы зноў мелі добрую магчымасць павялічыць лік, аднак так і не змаглі забіць.

Нямеччына – Мексіка 0:1 (Ласана, 35 хв.)

Гульнявую праграму групы F матчам у „Лужніках” выпала адкрываць дзеючым чэмпіёнам свету з Нямеччыны і зборнай Мексікі. Мінулым летам гэтыя каманды ўжо сустракаліся ў Расеі ў паўфінале Кубка канфэдэрацыяў і тады немцы разграмілі суперніка, а затым выйгралі і фінал. Мексіканцы запомніліся на тым турніры, які стаў генеральнай рэпетыцыяй сусветнага першынства, нягнуткім характарам.  Немцы ж па сутнасці правялі змену пакаленняў, на мундыяль Ёахім Лёў прывёз вялікую колькасць пачаткоўцаў. Толькі ўявіце, якіх намаганняў каштавала трэнеру адчапіць аўтара пераможнага гола на чэмпіянаце свету -2014 года у Бразіліі Марыё Гётцэ. Хоць Марыё далёка не адзіная зорка бундэстым, што засталася за бортам карабля, які выправіўся ў Расію. Пачалася сустрэча з выведкі боем. Ужо на другой хвіліне мексіканцы правялі атаку левым флангам з наступнай перадачай у цэнтр штрафной. Мяч замітусіўся паміж ног супернікаў, але ўсё ж дастаўся Мануэлю Ноеру. Адказ немцаў не прымусіў сябе чакаць – цэнтрфорвард Ціма Вернер з „Ляйпцыгу” пранёсся па правым краі і прабіў у далёкі кут, але мяч ледзь-ледзь размінуўся з брамай.

Калі мяч падоўгу затрымліваўся ў немцаў у справу ўступалі мексіканскія заўзятары, якія на трыбунах „Лужнікоў” былі ў відавочнай большасці. Толькі немцы забіралі мяч, як фанаты ўздымалі такі неверагодны свіст, што закладвала вушы. Мексіка ўмела згуляла на слабых баках немцаў, і ў першым тайме проста разрывала бундэстым у цудоўных контратаках. Лік мог быць 3:0 або нават 4:0, але забіла Мексіка толькі адзін гол – вызначыўся Ласана, які на 35-й хвіліне з перадачы Хаўера Эрнандэса па мянушцы Чычарыта, уварваўся ў штрафную немцаў ды разабраўся і з абаронцам і з брамнікам. У другім тайме на поле выйшаў Рафа Маркес, для якога гэты мундыяль стаў ужо пятым. Але галоўнай зоркай паядынку з немцамі стаў 32-гадовы галкіпер бельгійскага „Стандарда” Гільерма Ачоа.  Шмат у чым, менавіта яго ўпэўненая гульня на лініі брамы не дазволіла немцам параўняць лік. І хоць білі гульцы нямецкай зборнай не лепшым чынам, Ачоа давялося 9 разоў адбіваць ўдары, што пакуль стала рэкордам на гэтым чэмпіянаце.  У цэлым жа, у другім тайме падначаленыя Асорыё  гулялі глыбей, немцы стварылі некалькі момантаў, але не забілі. У выніку – 1:0. Справядлівая, рамантычная і прыгожая перамога, за якую перад Мексікай трэба зняць самбрэра.

Бразілія – Швайцарыя 1:1 (Коуціньё 20 хв.; Цубер 50 хв.;)

Дзень атрымаўся не самым галявым. Але паглядзець было на што. Напрыклад, на выдатны ўдар Куціньё з лініі штрафной у матчы супраць Швайцарыі. Пентакампеоны, якія памятаюць мінулы ганебны хатні мундыяль,  не змаглі абыграць еўрапейцаў, але выдалі вельмі моцны матч. Забіць шмат супраць саперніка, які практычна ўсім складам сядзіць у сваёй штрафной, вельмі складана. Тым не менш, бразільцы крэатывілі як маглі і стваралі небяспеку ля брамы суперніка. Але што стала сапраўдным адкрыццём, дык гэта цэласнасць гульні ў абароне ў зборнай Бразіліі. Матч супраць Швайцарыі, у якой ёсць у складзе гульцы, здольныя вырашыць зыход моманту на сваю карысць, атрымаўся практычна ідэальным ў абароне. Так, Бразілія прапусціла, але Цубер забіваў пасля парушэння правілаў падчас стандарту. У астатнім, Даніла разам з Мірандам „перакусвалі” усе атакі суперніка. Засталося такую ж сабранасць перанесці на атакі і бразільцаў нельга будзе спыніць.

Сёння на чэмпіянаце паглядзім:  

Сёння на чэмпіянаце свету адбудуцца тры матчы. Спачатку памераюцца сіламі Швецыя і Паўднёвая Карэя. Для многіх стала нечаканасьцю, што скандынаўская дружына ў стыкавых матчах напярэдадні чэмпіяната свету выбіла італьянцаў, але факт застаецца фактам: менавіта суайчыннікі Златана Ібрагімавіча гуляюць у фінальным раўндзе і рыхтуюцца здзіўляць па новай. Нічыя Бразіліі і Швайцарыі надае абодвум дружынам дадатковую матывацыю: у выпадку перамогі можна ўзначаліць групу F, і, напэўна, абедзве зборныя паспрабуюць скарыстацца гэтай магчымасцю. Вядома, намінальным фаварытам у матчы выглядаюць шведы, але Паўднёвая Карэя – моцная каманда,  здольная навязаць барацьбу практычна кожнаму суперніку.

Апошнімі матчы 1-га тура мундыяля згуляюць каманды з квартэта G. Безальтэрнатыўнымі лідарамі ў ім з’яўляюцца Бельгія і Англія. Аднак, пачнуць яны сусветнае першынства не з вочнага супрацьстаяння, як многія фаварыты ўжо і зрабілі, а, так бы мовіць, з „размінкі”, пры ўсёй павазе да іх апанентаў. Бельгія, якой эксперты ўжо некалькі гадоў прадракаюць трафеі, і ў складзе якой мноства зорак сусветнага роўню на чале з Азарам, згуляе з дэбютантам чэмпіянатаў свету –  зборнай Панамы. Галоўная інтрыга гэтага матчу – убачыць, у якой усё-ткі форме бельгійцы падышлі да мундыяля і ці здольныя яны ўвасобіць у жыццё ўсе чаканні заўзятараў. Пачатак гульні ў Сочы – у 18:00 па беларускім часе. І, нарэшце, ангельцы, якія таксама даўным-даўно нічога не выйгравалі, вельмі спадзяюцца на сваё чарговае таленавітае пакаленне. Брытанцы заўсёды паспяхова праходзяць кваліфікацыю да турніру, аднак, у самы непатрэбны момант выглядаюць няўпэўнена. Няма лепшага спосабу пачаць спаборніцтвы з добрага настрою, чым згуляць, напрыклад, з Тунісам. Гэты матч адбудзецца ў Валгаградзе і пачнецца ў 21:00 па Маскве.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя