Мундыяль: пачаўся другі тур
Позна ўвечары ў аўторак другі тур чэмпіянату свету пачаўся ў Пецярбургу матчам групы “А” Расея – Егіпет. Першы тайм гэтага спаткання выразна паказаў, што расейцы падышлі да турніру, набраўшы сваю аптымальную форму. Паўгадзіны ініцыятывай валодалі менавіта гаспадары турніру. А выйшаўшы на поле Махамед Салах амаль не атрымліваў перадач. Напруга вісела ў паветры, але ствараць рэальныя пагрозы супернікам доўга не ўдавалася.
Неўзабаве пасля перапынку фартуна ўсміхнулася расейцам – гэта Ахмед Фатхі, падштурхнуты Арцёмам Дзюбам, акуратна пераправіў мяч ва ўласную браму. Сітуацыя дыктавала далей “фараонам” ісці ва-банк. Але нічога арыгінальнага ў хлопцаў родам з берагоў Ніла не атрымлівалася. Больш таго расейцам удалося падвоіць сваю перавагу – Дзмітрый Чэрышаў забіў свой трэці мяч на турніры. Давёў да разгрому праз тры хвіліны Дзюба. Толькі на 73-й хвіліне Салаху ўдалося зарабіць і ўпэўнена рэалізаваць пенальці.
Такім чынам Расея дэ-факта (тэарэтычна яшчэ не!) першай аформіла выхад у 1/8 фіналу, прычым яна ўпершыню выйшла ў плэй-оф за ўсю гісторыю ўдзелаў. Егіпет жа можа пакаваць чамаданы
Расея – Егіпет – 3:1 (Фатхі, 47, аўтагол, Чэрышаў, 59, Дзюба, 62; Салах, 73, з пенальці)
У сераду Уругвай можа аформіць сабе пропуск у 1/8-ю фіналу. Супернік для гэтага прыдатны – Савудаўская Арабія. З іншага боку савудыты пацярпелі ганьбу ў першым туры ў паядынку з расейцамі і пастараюцца аднавіць сваё рэнаме. Матч пачнецца а 18-й гадзіне ў Растове на Доне.
Раней – а 15-й у Маскве – распачнуць другі тур каманды квартэту “B”. Партугальцы, якія дзякуючы Крышціяну Раналду ўдала адскочылі ў паядынку з іспанцамі, павінны будуць давесці сваю перавагу над мараканцамі. Лёгка не будзе – недарэчная параза іранцам у стартавай сустрэчы будзе гнаць магрыбцаў у атаку – губляць паўночным афрыканцам няма чаго, акрамя “ланцугоў”.
Нарэшце позна ўвечары ў Казані (21.00) Іспанія проста абавязана паказаць Ірану хто сапраўдны лідар групы. “Чырвоная фурыя” у першым паядынку з геаграфічнымі суседзямі прадэманстравала вельмі змястоўны футбол і дастаткова недарэчна ўпусціла вікторыю. Другі раз такое не павінна паўтарыцца – нашчадкам персаў будзе горача ў гэтым паядынку.
Беларускае Радыё Рацыя