„Мяшкоў Берасце” і „Манпелье” згулялі ўнічыю ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў



„Мяшкоў Берасце” і французскі „Манпелье” згулялі ўнічыю 31:31 у матчы групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Самым выніковым у складзе берасцейскага клуба стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 9 мячоў. У першым крузе „Манпелье” выйграў у беларускага чэмпіёна на сваёй арэне  32:26.

Вызначыліся 15 удзельнікаў плэй-оф футболнай Лігі чэмпіёнаў

Пасля заключных паядынкаў групавога этапа вызначыліся 15 з 16 удзельнікаў 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Пераможцам групы Н стаў італьянскі „Ювентус”, які адолеў у Турыне аўтсайдэра шведскі „Мальмё” 1:0. Чэмпіён Расіі „Зеніт” у Санкт-Пецярбургу двойчы саступаў дзеючаму ўладальніку трафея лонданскаму „Чэлсі”, але ў выніку дамогся нічыі – 3:3, і заваяваў пропуск у плей-оф Лігі Еўропы. У квартэце Е ўслед за мюнхенскай „Баварыяй” у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў прабілася партугальская „Бенфіка”, якая перамагла ў 6-м туры ў Лісабоне кіеўскае „Дынама” – 2:0. У Мюнхене чэмпіёны Германіі разграмілі іспанскую „Барселону” – 3:0 дзякуючы галам Мюлера, Санэ і Мусіалы, Левандоўскі адзначыўся галявой перадачай.

Лідар квартэта F англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” на сваёй арэне згуляў унічыю са швейцарскім „Янг Бойз” – 1:1. Матч у Бергама паміж італьянскай „Аталантай” і іспанскім „Вільярэалам” быў перанесены з-за снегападу. У групе G нямецкі „Вольфсбург” прайграў французскаму „Лілю” 1:3. Аўстрыйскі „Зальцбург” перамог на сваім полі іспанскую „Севілью” – 1:0. «Ліль» і «Зальцбург» згуляюць у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, а «Севілья» будзе змагацца ў Лізе Еўропы.  

Бамбардзірскую гонку Лігі чэмпіёнаў узначальвае Себасцьян Але з „Аякса”, які забіў 10 мячоў. Лёсаванне 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў і 1/16 фіналу Лігі Еўропы адбудуцца 13 снежня ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.

Іван Біёнчык стаў галоўным трэнерам футбалістаў „Шахцёра”

Новым галоўным трэнерам футбалістаў салігорскага „Шахцёра” стаў Іван Біёнчык. Ён змяніў на пасадзе галоўнага трэнера „Шахцёра” Аляксея Багу. Кантракт з новым настаўнікам чэмпіёнаў Беларусі разлічаны на 3 гады. У мінулым сезоне Іван Біёнчык трэніраваў „Гомель”, які заняў 4-е месца ў турнірнай табліцы 31-га нацыянальнага першынства. Да гэтага ён узначальваў мінскі „Луч” і магілёўскі „Дняпро”.

Баскетбалісткі „Гарызонта” прайгралі „Брно” у матчы EWBL

Баскетбалісткі „Гарызонта” пацярпелі першую паразу ў новым сезоне жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі (EWBL). У славацкім горадзе П’ешцяні ў матчы другога тура папярэдняй групы А каманда Наталлі Трафімавай саступіла чэшскаму „Брно” 60:72. Самай выніковай у складзе чэмпіёнак Беларусі стала Анастасія Верамеенка, у актыве якой 19 ачкоў. У заключны гульнявы дзень сёння „Гарызонт” сустрэнецца з расійскай „Самарай”.

Хакеісты мінскага „Дынама” саступілі „Віцязю” ў матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты мінскага „Дынама” саступілі падмаскоўнаму „Віцязю” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ. Паядынак завяршыўся не на карысць каманды Крэйга Вудкрафта – 1:4.  Адзіную шайбу ў складзе «зуброў» закінуў   Мальце Стрэмваль. 

Хакеісты „Нью-Джэрсі” абгулялі „Філадэльфію” ў матчы чэмпіянату НХЛ

Хакеісты „Нью-Джэрсі Дэвілз” абыгралі „Філадэльфію Флаерз” у хатнім матчы чэмпіянату НХЛ. Паядынак завяршыўся з лікам 3:0. Беларускі гулец „дэвілз” Ягор Шаранговіч запісаў на свой рахунак асістэнцкі бал пры трэцім узяцці брамкі „лётчыкаў”, якія знялі з гульні брамніка. Таксама на рахунку беларуса адзін кідок і адзін сілавы прыём. На лёдзе Шаранговіч правёў 16,5 хвілін, завяршыўшы матч з паказчыкам карыснасці „1”.

Беларускае Радыё Рацыя