„Мяшкоў Берасце” саступіў „Фленсбургу”



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” прайгралі нямецкаму „Фленсбургу” з лікам 26:28 у хатнім матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Сустрэчу з адным з лідараў папярэдняй групы А берасцейцы пачалі не вельмі ўдала, але да перапынку здолелі вырвацца наперад – 15:14. У другой палове супернікі па чарзе лідыравалі, аднак у канцоўцы госці былі больш паспяховымі і перамаглі з перавагай у два мяча. Самымі выніковымі ў складзе мяшкоўцаў сталі Марка Паніч, Мікіта Вайлупаў і Уладзімір Враньеш, якія закінулі па пяць мячоў.

„Юнацтва” выйграла чацвёрты матч запар з лікам 1:0

„Юнацтва” абыграла „Лакаматыў” у хатнім матчы экстралігі „А” чэмпіянату Беларусі па хакею — 1:0 дзякуючы шайбе Стэфановіча. Менчане перамаглі з мінімальным лікам у чацвёртай гульні запар. Пяць сустрэч запар „Юнацтва” закідвае ўсяго адну шайбу. У іншых матчах гульнявога дня гарадзенскі «Нёман» саступіў на хатняй арэне «Шахцёру» – 3:4, жлобінскі «Металург» быў мацней за «Гомель» – 4:2, а

«Дынама-Маладзечна» упэўнена абыграла «Магілёў» – 5:2.

Андрэй Касціцын дыскваліфікаваны на сем матчаў за брудны хіт

Беларускі хакеіст Андрэй Касціцын, які выступае цяпер за чэшскі клуб «Пардубіце», дыскваліфікаваны на сем матчаў за брудны сілавы прыём.

У матчы супраць «Оломоуца» Касціцын-старэйшы зрабіў дзве галявыя перадачы, але затым быў выдалены за ўдар у галаву. Вынікам сутыкнення стаў зламаны нос суперніка. Беларус толькі два тыдні таму перайшоў у «Пардубіце». У 4 матчах Андрэй Касціцын паспеў набраць 4 (0 + 4) балы.

Футбалісты зборнай Беларусі ў сакавіку прымуць каманду Гандураса

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пачнуць новы сезон 24 сакавіка. У гэты дзень падначаленыя Міхаіла Мархеля ў таварыскім матчы прымуць на сваім полі каманду Гандураса. Гэта будзе другая сустрэча супернікаў – у траўні 2010 года ў спарынгу ў Аўстрыі яны згулялі ўнічыю — 2:2. Праз тры дні пасля гульні з Гандурасам, 27 сакавіка, беларускія футбалісты таксама ў сябе дома правядуць стартавы паядынак адборавага турніру чэмпіянату свету супраць зборнай Эстоніі. Затым, 30 сакавіка, падначаленыя Міхаіла Мархеля згуляюць у гасцях у адной з мацнейшых каманд планеты — Бельгіі.

„Крумкачы” перамаглі футбалістаў „Белшыны” на турніры ў Жодзіна

На перадсезонным футбольным турніры „Белазавец-2021” у Жодзіне адбыліся чарговыя матчы. Сталічныя „Крумкачы” перайгралі бабруйскую „Белшыну” 2:1. У іншым паядынку дзяржынскі „Арсенал” быў мацней за дублюючы склад менскага „Дынама” – 4:2. У стартавым туры „Арсенал” узяў верх над „Крумкачамi” з мінімальным перавагай 1:0, а дублёры „Дынама” выйгралі ў „Белшыны” 2:0.

Становішча каманд пасля двух гульнявых дзён: „Арсенал” – 6 ачкоў, „Крумкачы” і „Дынама” – 3, „Белшына” – 0. У апошнім туры 6 лютага дынамаўцы сустрэнуцца з „Крумкачамi”, а „Белшына” будзе супернічаць з „Арсеналам”.

У другой групе спаборніцтвы завершацца сёння. Гаспадары турніру футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” згуляюць з „Іслаччу”, а „Слуцк” сустрэнецца з „Нёманам”.

Берасцейскі „Рух” прайграў на зборы ў Турцыі

Футбалісты берасцейскага „Руху” пацярпелі першую паразу на вучэбна-трэніровачным зборы ў Турцыі. Падначаленыя Кірыла Альшэўскага саступілі львоўскаму „Руху” з буйным лікам 0:5. У першым спарынгу берасцейцы згулялі ўнічыю з яшчэ адным украінскім клубам „Колас” – 2:2.

У планах „Руху” яшчэ два кантрольныя паядынкі, якія запланаваны на 9 лютага. Спачатку берасцейскія футбалісты згуляюць з чэмпіёнам Казахстана „Кайратам” з Алматы, які трэніруе беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, а затым сустрэнуцца з грузінскім „Дынама” з Батумі.

Віцэ-чэмпіёны Беларусі футбалісты барысаўскага БАТЭ таксама рыхтуюцца да сезону ў Турцыі. Першы таварыскі матч каманда Віталя Жукоўскага правядзе ў Белеку 8 лютага супраць ўладальніка срэбраных медалёў украінскага першынства кіеўскага „Дынама”.

Егіпецкі „Аль-Ахлі” выйшаў у паўфінал клубнага чэмпіянату свету па футболе

Футбалісты егіпецкага „Аль-Ахлі” сталі другімі паўфіналістамі клубнага чэмпіянату свету, які праходзіць у Катары. У другім чвэрцьфінальным матчы каманда са сталіцы Егіпта адолела катарскі „Аль-Духаіль” з Дохі з мінімальнай перавагай – 1:0. У паўфінале футбалістаў „Аль-Ахлі” чакае сустрэча з трыумфатарам еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў нямецкай „Баварыяй”. У першым чвэрцьфінале футбалісты мексіканскага „Тыгрэса” выйгралі ў прадстаўніка Рэспублікі Карэя „Ульсана” з лікам 2:1. У матчы за выхад у фінал „Тыгрэс” згуляе з уладальнікам Кубка Лібертадорэс бразільскім „Палмейрасам”.

Больш за ўсіх клубны чэмпіянат планеты выйграваў іспанскі „Рэал” з Мадрыда, у якога чатыры трафея. На адзін менш яшчэ ў аднаго іспанскага гранда „Барселоны”.

Беларускае Радыё Рацыя