„Мяшкоў Брэст” абыграў „Эльверум”
„Мяшкоў Брэст” перамог нарвежскі „Эльверум” з лікам 29:27 у групавым этапе гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Самым выніковым у складзе мяшкоўцаў стаў Вячаслаў Шумак, які закінуў 6 мячоў. Свой наступны матч „Мяшкоў Брэст” правядзе 9 снежня ў Сегедзе супраць „Піка”.
Менскае „Дынама” перамагло ЦСКА ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі ЦСКА ў матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 4:2. У складзе зуброў закінутымі шайбамі адзначыліся Кірыл Варонін, Шэйн Прынс, Сцяпан Фалькоўскі і Брэндан Козун. Такім чынам, „зубры” завяршылі выязную серыю, набраўшы пяць ачкоў з шасці магчымых.
«Нёман» прайграў «Юнацтву» на хатняй арэне
Адзіную шайбу з перадачы Аляксандра Кітарава закінуў Станіслаў Лапачук. Форвард «Юнацтва» уцёк у прарыў па правым флангу, зблізіўся з брамнікам Максімам Гарадзецкім і нанёс дакладны кісцевы кідок. Галявы пас Кітарава стаў першым яго ачком пасля вяртання ў экстралігу. «Юнацтва» умацоўвае лідарскія пазіцыі ў табліцы, «Нёман» вяртаецца на шостае месца.
Тар’е Бё выйграў спрынт на этапе Кубка свету па біятлоне
У фінскім Кантыялахці стартаваў другі этап Кубка свету па біятлоне.
Пераможцам мужчынскай спрынтарскай гонкі на 10 км стаў нарвежац Тар’ей Бё, які прайшоў дыстанцыю без аніводнага промаху на двух агнявых рубяжах. Нямецкі біятланіст Арнд Пайфер стаў другім. Трэцяе месца заняў лідар агульнага заліку Кубка свету нарвежац Ёханэс Бё.
Лепшым з беларускіх біятланістаў стаў Сяргей Бачарнікаў, які бездакорна страляў і адстаў ад лідара на 57,6 секунды. У яго 13-е месца ў выніковым пратаколе. Шведка Ганна Эберг выйграла спрынт на 7,5 км у жанчын. Яна ні разу не прамазала на двух агнявых рубяжах. Францужанка Анаіс Шэвалье-Бушу – другая. Замкнула тройку прызёраў яшчэ адна шведка Эльвіра Эберг. Лепшай з беларускіх біятланістак стала Дынара Алімбекава, якая адстала ад лідара на 50 секунд.
Футбалісты ЦСКА прайгралі „Вольфсберг” ў Лізе Еўропы
Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі прайгралі аўстрыйскаму „Вольфсбергу” з лікам 0:1 у матчы групавога этапу Лігі Еўропы. На 22-й хвіліне гульні харвацкі легіянер аўстрыйскага клуба Дарыё Візінгер нанёс выдатны ўдар з дальняй дыстанцыі, які не змог парыраваць галкіпер армейцаў Ігар Акінфееў. Пасля гэтай паразы ЦСКА страціў шанцы прабіцца ў 1/16 фіналу.
Кадзімян, Марушыч і Стойкавіч могуць пакінуць „Нёман”
Гарадзенскі „Нёман” могуць пакінуць ключавыя гульцы. У канцы года кантракты заканчваюцца ў абаронцы Даніэла Стойкавіча, хаўбека Гегама Кадзімяна і форварда Зорана Марушыча. Transfermarkt паведамляе, што гульцы пакінуць клуб на правах свабодных агентаў. У чэмпіянаце-2020 „Нёман” фінішаваў пятым, набраўшы за 30 матчаў 53 ачкі. Стойкавіч правёў 29 матчаў у гэтым сезоне, забіў 1 гол. Кадзімян набраў 18 (12 + 6) балаў у 29 сустрэчах. У Марушыча 14 (10 + 4) ачкоў за 27 гульняў.
Іван Маеўскі працягне кар’еру ў чэмпіянаце Расеі
Беларускі паўабаронца „Астаны” Іван Маеўскі вызначыўся з варыянтам працягу кар’еры. 32-гадовы хаўбек атрымаў запрашэнне ад аднаго з клубаў расійскай прэм’ер-лігі. Новая каманда Маеўскага займае месца ў другой васьмёрцы чэмпіянату Расіі. Тэрмін дзеяння кантракта беларускага футбаліста з „Астаной” падышоў да канца, адзначаюць vesti.kz. Бакі вырашылі пагадненне не працягваць. За сталічны клуб Маеўскі гуляе з 2017 года. Тройчы станавіўся чэмпіёнам Казахстана ў яго складзе, выступаў у групавым этапе Лігі Еўропы. За зборную Беларусі апорны паўабаронца згуляў 40 матчаў.
Беларускае Радыё Рацыя