„Мяшкоў Брэст” прайграў „Піку” ў гандбольнай ЛЧ



„Мяшкоў Брэст” пацярпеў трэцюю паразу на групавым этапе гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У сваім восьмым паядынку ў папярэдняй групе А чэмпіёны Беларусі саступілі ў вугорскім Сегедзе мясцоваму клубу „Пік” з розніцай у тры галы – 27:30. Самым выніковым у складзе гасцей стаў Марка Паніч, які забіў 7 галоў. Наступны матч чэмпіёнскай лігі мяшкоўцы павінны правесці 17 снежня ў гасцях у „Эльверума”.

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі „Калеву” у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” саступілі эстонскаму „Калеву” у гасцявым паядынку Адзінай лігі ВТБ. Гульня ў Таліне прайшла ва ўпартай барацьбе, але ў канцоўцы гаспадары ўсё ж здолелі даціснуць гасцей, выйграўшы з перавагай у шэсць ачкоў – 88:82. Самым выніковым у складзе менчанаў стаў Максім Салаш, які набраў 19 ачкоў. Свой наступны паядынак „банкаўскага” турніру „Цмокi-Мiнск” правядуць на сваёй арэне 12 снежня супраць пермскага клуба „Парма”.

Хакеісты мінскага „Дынама” саступілі маскоўскім аднаклубнікам

Хакеісты мінскага „Дынама” саступілі маскоўскім аднаклубнікам у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася з лікам 2:3. Зубрам ўдалася ўдарная пяціхвілінка ў самым пачатку стартавага перыяду. На чацвёртай хвіліне лік адкрыў Ілля Усаў, а праз хвіліну Шэйн Прынс падвоіў перавагу „зуброў”. Масквічам атрымаўся хуткі адказ. Данііл Тарасаў выкарыстаў большасць сваёй каманды і скараціў адставанне ў ліку на сёмай хвіліне гульні. Маскоўская каманда яшчэ ў другім перыядзе здолела зраўняць лік, а ў трэцяй дваццаціхвілінцы Дзмітрый Яшкін вывеў расійскую каманду наперад. У канцоўцы асноўнага часу матчу менчукі знялі брамніка, але штурм выніку не прынёс. Другі ў сезоне матч супраць маскоўскага „Дынама” зноў скончыўся для „зуброў” паразай.

«Лакаматыў» без Лісаковіча прайграў «Баварыі» і завяршыў выступы ў еўракубках

На футбольных палях Еўропы прайшлі заключныя паядынкі групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. «Баварыя» прымала маскоўскі «Лакаматыў», за які нават не быў заяўлены на матч беларускі нападнік Віталь Лісаковіч. Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:0. На 63-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў абаронца «Баварыі» Ніклас Зюле. На 80-й хвіліне нападніік Эрык Шупо-Матынг умацаваў перавагу мюнхенскай каманды.

«Баварыя» набрала 16 ачкоў і выйшла ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў УЕФА з 1-га месца ў групе А. Другое месца заняў мадрыдскі «Атлетыка», які абыграў «Рэд Бул Зальцбург» з лікам 2:0. Маскоўскі «Лакаматыў» завяршыў выступы ў еўракубках ў гэтым сезоне. У квартэце D другую пуцёўку ў 1/8 фіналу заваявала італьянская „Аталанта” з Бергама, якая адолела ў Амстэрдаме нідэрландскі „Аякс” з лікам 1:0. У іншым матчы гэтай групы англійскі „Ліверпуль”, які датэрмінова забяспечыў сабе першае месца, у дацкім Хернінгу згуляў унічыю з мясцовым клубам „Мідт’юлан” – 1:1.

Футбалісты „Пары Сен-Жэрмен”, якія выступаюць у групе Н, разграмілі ў сталіцы Францыі турэцкі „Істанбул” – 5:1. Хет-трык аформіў Неймар, галявы дубль у актыве Кіліана Мбапэ. У аўторак гэтая сустрэча была перапыненая на 19-й хвіліне пры ліку 0:0 з-за расісцкага скандалу.

Мадрыдскі «Рэал» перайграў мёнхенгладбахскую «Барусію» 2:0, дзякуючы дублю Карыма Бензема і выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.

У паралельным матчы групы B «Інтэр» у Мілане згуляў унічыю з данецкім «Шахцёрам». Сустрэча завяршылася з лікам 0:0. «Барусія» заняла другое месца. Далей размяшчаецца «Шахцёр», які згуляе ў плэй-оф Лігі Еўропы. «Інтэр» замкнуў турнірную табліцу.

«Манчэстар Сіці» перайграў «Марсэль» з лікам 3:0 – галы забівалі Феран Торэс, Серхіа Агуэро і Рахім Стэрлінг. У паралельным матчы «Алімпіякас» прайграў «Порту» 0:2. «Манчэстар Сіці» набраў 16 ачкоў і заняў першае месца ў групе С. «Порту» – на другім месцы. Абодва клубы выйшлі ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. «Алімпіякас» адпраўляецца ў плэй-оф Лігі Еўропы, «Марсэль» вылецеў з еўракубкаў.

Максім Скавыш прызнаны лепшым футбалістам Беларусі 2020 года

Форвард нацыянальнай зборнай і барысаўскага БАТЭ Максім Скавыш прызнаны лепшым футбалістам Беларусі. Такі вынік традыцыйнага штогадовага апытання, у якім прынялі ўдзел беларускія футбольныя спецыялісты і спартовыя журналісты. Цырымонія падвядзення вынікаў футбольнага сезона „Зорны мяч – 2020” прайшла напярэдадні ў Менску.

31-гадовы форвард БАТЭ быў лідарам нападаў барысаўскага клуба і ўпершыню выйграў бамбардзірскую гонку нацыянальнага першынства, забіўшы 19 мячоў. Максім Скавыш таксама прызнаны найлепшым гульцом і нападнікам 30-га чэмпіянату Беларусі. Лепшым трэнерам Беларусі названы Віктар Ганчарэнка, які ў апошнія гады працуе ў маскоўскім ЦСКА. Лепшым міні-футбалістам Беларусі быў абраны гулец «Сталіцы» Алег Гарбенка.

Міхаіл Мархель застаўся на чале футбольнай зборнай Беларусі

Міхаіл Мархель застаўся на пасадзе галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі пасяджэння выканкама асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў адзначыў, што галоўная каманда краіны не змагла прабіцца ў фінальны этап чэмпіянату Еўропы, але нядрэнна згуляла ў другім сезоне Лігі нацый УЕФА. Да апошняга тура беларусы прэтэндавалі на выхад у лігу B, але ў выніку занялі другое месца ў групе трэцяга па рангу дывізіёна.

„Вітэн” згуляе з „Кайратам” ў 1/16 фіналу Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне 1/16 фіналу розыгрышу Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. Чэмпіён Беларусі аршанскі „Вітэн” у барацьбе за выхад у 1/8 фіналу галоўнага кантынентальнага турніру ў сярэдзіне студзеня прыме на сваёй пляцоўцы „Кайрат” з Алматы. Лепшы казахстанскі клуб з’яўляецца 17-разовым удзельнікам галоўнага кантынентальнага турніру, які ён выйграваў у 2013 і 2015 гадах.

Беларускае Радыё Рацыя