„Мяшкоў Брэст” саступіў гандбалістам „Кіля”



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” з паразы пачалі выступы на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У першым матчы папярэдняй групы А чэмпіёны Беларусі на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” саступілі ва ўпартай барацьбе чатырохразоваму трыўмфатару Лігі чэмпіёнаў нямецкаму „Кілю” 30:33. У складзе берасцейцаў па 6 мячоў закінулі Мікіта Вайлупаў, Сташ Скубі і Станіслаў Кашпарэк.

„Цмокi-Мiнск” прабіліся ў фінал кваліфікацыі баскетбольнай Лігі чэмпіёнаў

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прабіліся ў фінал кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. У італьянскім Трэвіза чэмпіёны Беларусі адолелі ў паўфінале нідэрландскі клуб „Лейдэн” – 69:67. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Роберт Апшоў, які набраў 17 ачкоў. У вырашальным матчы за выхад у групавы этап чэмпіёнскай Лігі падначаленыя Расціслава Вергуна заўтра сустрэнуцца з пераможцам другога паўфінальнага матчу паміж дацкім клубам „Бако Бірз” з Орхуса і гаспадаром турніру „Трэвіза”.

Ціраспальскі „Шэрыф” выйграў у „Шахцёра” у дэбютным паядынку Лігі чэмпіёнаў

Чэмпіён Малдовы „Шэрыф” абыграў у Ціраспалі віцэ-чэмпіёна Украіны данецкі „Шахцёр” з лікам 2:0 у сваім дэбютным паядынку групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. На 16-й хвіліне лік адкрыў Адама Траорэ, а на 62-й хвіліне кропку паставіў Момо Янсанэ, які яшчэ нядаўна выступаў ў чэмпіянаце Беларусі за «Іслач». У стартавым матчы групы С турэцкі „Бешыкташ” прайграў у Стамбуле дортмундскай „Барусіі” 1:2. „Манчэстар Сіці” і „Лейпцыг” забілі на дваіх дзевяць мячоў.

„Гараджане” перамаглі „Лейпцыг” – 6:3. Усе тры мячы ў гасцей забіў французскі нападнік Крыстафер Нкунку. У яшчэ адным вар’яцкім матчы „Ліверпуль”перайграў „Мілан” 3:2 – пераможны гол за «Ліверпуль» забіў капітан Джордан Хендэрсан. Гол Радрыга на 89-й хвіліне прынёс „Рэалу” перамогу ў матчы з „Інтэрам” – 1:0. „ПСЖ” страціў ачкі ў матчы з „Бруге” – 1:1. У гасцей ўпершыню разам згулялі Ліянэль Месі, Неймар і Кільян Мбапэ, але адзіны гол за парыжан забіў Андэр Эрэра. „Аякс” адправіў пяць мячоў у браму „Спортынга” – хет трык Алера прынес перамогу амстэрдамцам з лікам – 5:1.

„Легія” абыграла „Спартак” у першым матчы Лігі Еўропы

Услед за футбольнай Лігай чэмпіёнаў стартаваў і групавы этап другога па рангу кантынентальнага турніру – Лігі Еўропы. У першым паядынку папярэдняй групы С футбалісты маскоўскага „Спартака” прымалі на сваёй арэне варшаўскую „Легію” і саступілі з лікам 0:1. На працягу ўсёй сустрэчы гаспадары мелі перавагу, але рэалізаваць яе не змаглі. А ў пачатку кампенсаванай пяціхвілінкі другога тайма госці правялі хуткую флангавую контратаку і Лірым Кастраці забіў пераможны мяч.

Аляксей Іваноў прызнаны найлепшым гульцом 22-га тура чэмпіянату Беларусі

Гамяльчанін Аляксей Іваноў прызнаны найлепшым гульцом 22-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможным хатнім паядынку з „Віцебскам”, які завяршыўся з лікам 4:1, 24-гадовы абаронца „Гомеля” не толькі добра выконваў свае абарончыя функцыі, але і пры падлучэннях ў атаку здолеў двойчы трапіць у браму супернікаў. Гамяльчане набралі 41 ачко і займаюць пятае месца ў турнірнай табліцы.

Беларускія весляры выступяць у мацнейшым складзе на ЧС у Даніі

Нацыянальная каманда Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ выступіць у дацкім Капенгагене на чэмпіянаце свету ў мацнейшым складзе. На сусветны форум наша каманда заяўлена ў большасць відаў праграмы. Як адзначылі ў трэнерскім штабе, склад практычна той жа, што выступаў на Алімпійскіх гульнях у Японіі. У каманду дадаліся канаісты, якія не мелі ліцэнзіі на Гульні, а таксама аднавілася пасля траўмы Вольга Клімава, якая таксама выступіць у Капенгагене.

Сёння і заўтра на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ пройдуць кваліфікацыйныя заезды. Розыгрыш медалёў адбудзецца ў суботу і нядзелю.

Беларускае Радыё Рацыя