„Мяшкоў Брэст” вярнуўся да камандных трэніровак



З 26 кастрычніка гульцы „Мяшкоў Брэст” знаходзіліся на каранціне і займаліся ў хатніх умовах пад дыстанцыйным кантролем трэнера па фізпадрыхтоўцы. На гэтым тыдні гандбалісты зноў прайшлі ПЦР-даследаванне на COVID-19 і 5 лістапада прыступілі да камандных трэніровак. На самаізаляцыі застаюцца пяць чалавек, чые тэсты далі станоўчы вынік у мінулы панядзелак. Ва ўсіх плынь хваробы праходзіць бессімптомна. Іх вяртанне ў агульную групу чакаецца ў бліжэйшы час – пасля чарговага даследавання. Наступны матч у мяшкоўцы запланаваны на 14 лістапада – дома супраць гарадзенскага „Кронана”, адзначае афіцыйны сайт клуба.

Каманда Магілёўскай вобласці выйграла Кубак Беларусі па жаночай барацьбе

Каманда Магілёўскай вобласці, набраўшы 225 ачкоў, выйграла Кубак Беларусі па жаночай барацьбе 2020 года, які завяршыўся ў сталічным Палацы спорту. Прадстаўніцы гэтай каманды першынствавалі адразу ў шасці вагавых катэгорыях. Перамаглі Наталля Варакіна (50 кг), Заліна Сідакова (55 кг), Ірына Курачкіна (57 кг), Аліна Максімава (62 кг), Яўгенія Андрэйчыкава (65 кг) і Таццяна Леаненкава (72 кг). Другое месца занялі спартоўкі з Гомельскай вобласці, на рахунку якіх 174 ачкі. Замкнулі тройку наймацнейшых прадстаўніцы Гарадзенскай вобласці – 132 ачкі.

Карына Ежыкава: падзеі ў Беларусі могуць паўплываць на тое, што я не буду прыязджаць у зборную

Адна з лепшых гандбалістак Беларусі Карына Ежыкава у інтэрв’ю „Трыбуне” заявіла, што не плануе адклікаць подпіс пад лістом з патрабаваннямі да ўлады. Спартоўка гатовая да таго, што яе могуць перастаць выклікаць у нацыянальную каманду.

«Падзеі ў Беларусі могуць паўплываць на тое, што я не буду прыязджаць у зборную. Зрэшты, спачатку я хацела б пагаварыць пра гэта асабіста з галоўным трэнерам Томашам Чатэрам, інакш будзе брыдка. Разумею, што федэрацыя сама паступае непрыгожа з усімі, але мне вельмі хочацца з ім перамовіцца. Хоць для сябе я рашэнне ўжо прыняла», – распавяла Карына.

Ілля Івашка перайграў Юрыя Радзівонава на турніры ў Германіі

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка перамог аўстрыйца Юрыя Радзівонава ў матчы 1/8 фіналу турніру ў Экентале – 6:0, 6:1. Наступным супернікам Івашкі стане пераможца супрацьстаяння Маціяс Бахінгер (Германія, 278 АТП) – Марк-Андрэа Хуслер (Швейцарыя, 156 АТП).

Салігорскі „Шахцёр” зняўся з Кубка ЕКВ з-за каронавіруса

Салігорскі „Шахцёр” зняўся з Кубка ЕКВ з-за каронавіруса. Беларускі валейбольны клуб павінен быў супернічаць у 1/16 фіналу з сербскім „Нішам”. Сустрэчы планаваліся на 10 і 11 лістапада, аднак па прычыне COVID-19 „Шахцёр” датэрмінова пакінуў турнір. У абодвух паядынках „гарнякам” залічаны тэхнічныя паразы з лікам 0:3.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя