„Мяшкоў Брэст” завяршыў выступы ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў



„Мяшкоў Брэст” ня здолеў прабіцца ў „Фінал чатырох” гандбольнай Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы ў чвэрцьфінале іспанскай „Барселоне”.

У паядынку ў адказ у гасцях чэмпіёны Беларусі прайгралі 28:40. Самым выніковым у складзе «мяшкоўцаў» стаў іх лепшы бамбардзір Мікіта Вайлупаў, які закінуў 7 мячоў. На мінулым тыдні берасцейцы саступілі „Барсе” на сваёй пляцоўцы з лікам 29:33. Барселонскі клуб перамог ва ўсіх 18 гульнях цяперашняга сезону Лігі чэмпіёнаў. „Мяшкоў Брэст” у гэтым сезоне ўпершыню выйшаў у чвэрцьфінальную стадыю галоўнага клубнага турніру Еўропы.

Акрамя „Барселоны” ў вырашальны раўнд чэмпіёнскай Лігі прабіліся два прадстаўнікі Францыі. Гандбалісты „Нанта” па суме дзвюх сустрэч сталі мацней за вугорскі „Веспрэм” – 32:28 (дома) і 30:32 (у гасцях). „Пары Сэн-Жэрмэн” адолеў па суме двух паядынкаў пераможцу мінулага сезону чэмпіёнскай Лігі нямецкі „Кіль” – 29:31 (у гасцях) і 34:28 (дома).

Дацкі „Ольбарг” узяў верх над яшчэ адным прадстаўніком нямецкай бундэслігі „Фленсбургам” – 26:21 (дома) і 29:33 (у гасцях).

„Фінал чатырох” гандбольнай Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 12-13 чэрвеня ў нямецкім Кёльне.

„Вікторыя” са Смалявічаў выйграла чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд

„Вікторыя” са Смалявічаў выйграла чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. За залатыя медалі турніру каманда з Менскай вобласці ў серыі да трох перамог абыграла прадстаўніц ХК „Мінск”. У двух паядынках будучыя чэмпіёнкі краіны абыгралі суперніц з аднолькавым лікам 2:1. Лёс трэцяга матчу пасля нічыі 2:2 у асноўны час вызначыўся ў серыі булітаў. Яе з лікам 2:0 выйгралі смалевіцкія хакеісткі, якія забяспечылі сабе золата турніру. У мянчанак срэбра. Бронзу выйграў гарадзенскі „Рытм”.

Беларусы занялі 6-е месца ў камбінаванай змяшанай эстафеце 4х100 м

Беларускі квартэт заняў 6-е месца ў камбінаванай змешанай эстафеце 4х100 метраў на Чэмпіянаце Еўропы па плаванні. У складзе беларускай каманды выступілі Віктар Стасяловіч, Ілля Шымановіч, Анастасія Куляшова і Анастасія Шкурдай. Перамогу святкавала брытанская чацвёрка. Таксама Анастасія Шкурдай не прабілася ў фінал на дыстанцыі 100 м на спіне.

Берасцейка прыплыла 11-й у кваліфікацыі. У паўфінале Анастасія Шкурдай палепшыла свой вынік, але заняла восьмае месца ў сваім заплыве.

Юзэпчук уваходзіць у сферу інтарэсаў „Крылаў Саветаў”

У „Крылах Саветаў” разглядаюць кандыдатуру правага абаронцы „Руху” Рамана Юзэпчука. Пра гэта паведамляе „Матч ТБ”. Як адзначае крыніца, у „Крылах” пакуль не прынялі рашэння па Юзэпчуку. На гэтай пазіцыі ў камандзе ёсць Мехдзі Зефан – алжырац застаецца ў камандзе. Акрамя таго, пакуль няма яснасці, ці будзе прапанаваны новы кантракт дасведчанаму Уладзіміру Палуяхтаву. Шмат што залежыць ад таго, якім будзе трансферны бюджэт волжскага клуба ў РПЛ.

Валейбалісткі зборнай Беларусі даведаліся сваіх суперніц па групавым раўндзе фіналу ЧЕ-2021

Валейбалісткі зборнай Беларусі даведаліся сваіх суперніц па групавым раўндзе фінальнай часткі чэмпіянату Еўропы. Урачыстая цырымонія лёсавання турніру, які прымуць Харватыя, Сербія, Балгарыя і Румынія, прайшла ў гарадской ратушы Белграда. Беларуская каманда, якая трапіла ў першы кошык пры лёсаванні, з лёгкай рукі чэмпіёнкі свету з Сербіі Маі Агненавіч апынулася ў групе С, дзе яе суперніцамі сталі валейбалісткі Харватыі, Італіі, Славакіі, Вугоршчыны і Швейцарыі. Свае матчы гэтыя дружыны правядуць у харвацкім Задары.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: meshkovbrest.by