На арэну выходзіць новае пакаленне ігракоў



Галоўны трэнер гарадзенскага “Нёмана” і чэмпіён свету 1993 года ў складзе зборнай Расеі Сяргей Пушкоў ацаніў узровень сёлетняга першынства свету па хакеі.

На 13-м месцы завяршыла выступленне беларуская зборная на чэмпіянаце свету па хакеі, які гэтымі днямі працягваецца ў Францыі і Нямеччыне. У сямі матчах каманда набрала 7 ачкоў. Ніжэй зборнай Беларусі аказаліся каманды Славакіі, Славеніі і Італіі.

Дзве апошнія каманды развіталіся з элітным дывізіёнам, а ў чвэрцьфінальных матчах, якія пройдуць 18 траўня, згуляюць Расея – Чэхія, Швецыя — Швейцарыя, Канада — Германія і ЗША — Фінляндыя.

Сяргей Пушкоў: Асабіста мне на гэтым першынстве падабаецца гульня паўночнаамерыканскіх каманд і шведаў. Расейская зборная добра выглядае ў атацы, хаця апошнюю групавую сустрэчы і прайграла ЗША. Але будзе вельмі цікавы чвэрцьфінал паміж Расеяй і Чэхіяй. Зразумела, што расейская каманда па складзе крыху слабейшая, чым у мінулыя гады, але, мяркую, трэнеры правільна зрабілі, што даюць паказаць сябе маладым.

РР: А што можаце сказаць пра выступленне зборнай Беларусі?

Сяргей Пушкоў: Шчыра кажучы, менш за ўсё хацелася б тут нешта каментаваць… Хаця маё меркаванне такое: каманда павінна была выступіць лепш. І складана казаць, чаму не ўсё атрымалася. Прасцей за ўсё – крытыкаваць, але, каб зразумець сапраўдныя прычыны, трэба прааналізаваць, што адбывалася ўнутры каманды. Я думаю, што кіраўніцтва Федэрацыі і трэнерскі штаб знойдуць адказ на пытанне: чаму адбылося такое невыразнае выступленне?

РР: Увогуле, ці прагрэсуе сусветны хакей?

Сяргей Пушкоў: Адназначна, што не стаіць на месцы. Вы ж паглядзіце, што сёння каманды, якіх топавыя зборныя яшчэ некалькі гадоў таму аб’язджалі на левай назе, не проста даюць бой, а перамагаюць. Краіны ўдасканальваюць свае чэмпіянаты, школу падрыхтоўкі, і гэта дае вынік. На арэну выходзіць новае пакаленне ігракоў.

РР: Апошнім часам стала папулярнай практыка праводзіць першынство адразу ў некалькіх краінах. На ваш погляд, ці добра гэта для каманд і заўзятараў?

Сяргей Пушкоў: Я думаю, што гэта станоўчы момант, бо ў такім выпадку большая колькасць гледачоў змогуць убачыць чэмпіянат.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА