На Australian Open выступяць чатыры беларускі
На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў адзіночным разрадзе, які стартуе ўжо 14-га студзеня, выступяць чатыры беларускія тэнісісткі. Іх магло быць і пяць, аднак у вырашальным матчы трэцяга кругу кваліфікацыі Вольга Гаварцова (390-ы нумар рэйтынгу) прайграла японцы Місакі Доі (133-я ракетка WTA) — 6:7 (2:7), 4:6. Першая ракетка Беларусі і 11-я планеты Арына Сабаленка на стадыі 1/64-й фіналу сустрэнецца з расейкай, якая выйшла з кваліфікацыі – Аннай Калінскай (167-я ракетка).
Аляксандра Сасновіч толькі сёння завяршыла паспяховы для сябе турнір у Сіднэі. У паўфінале другая ракетка Беларусі і 33-я свету саступіла чэшцы Петры Квітавай – 1:6, 2:6. На чэмпіянаце Аўстраліі ў стартавым раўндзе Сасновіч будзе змагацца з дасведчанай бельгійкай Кірстэн Фліпкенс (49-я ракетка).
Вера Лапко (63-і нумар рэйтынгу) будзе гуляць супраць шведкі Юханы Ларсан (75-ы нумар).
Нарэшце Вікторыя Азаранка (на сёння 52-я ракетка свету) правядзе стартавы паядынак супраць малаведамай шырокаму колу немкі Лауры Зігемунд (110-я ракетка).
Сярод мужчын на гэтым турніры Grand Slem будзе толькі адзін беларус – Ілья Івашка (94-я ракетка). Яго супернік – тунісец Малек Жазіры (42-я ракетка свету).
Беларускае Радыё Рацыя