На ЧС па плаванні на кароткай вадзе адправіліся сем прадстаўнікоў зборнай Беларусі



У Абу-Дабі пройдзе чэмпіянат свету па плаванні (16-21 снежня). Беларусь на турніры прадставяць Анастасія Куляшова, Анастасія Каракоўская, Аліна Змушко, Анастасія Шкурдай, Ілья Шымановіч, Віктар Стасяловіч і Рыгор Пякарскі.

Спаборніцтвы павінны былі адбыцца год таму, але з-за пандэміі каронавіруса Міжнародная федэрацыя плавання прыняла рашэнне аб пераносе спаборніцтваў на 2021 год.

Бразільскі абаронца Арыньё падпісаў кантракт з менскім „Дынама”

Кантракт з менскім „Дынама” падпісаў 26-гадовы бразільскі абаронца Арыньё, паведамляе афіцыйны сайт „бела-блакітных”. Тэрмін кантракта не выдаецца. Раней бразілец выступаў на радзіме за клубы з Серыі „А” — „Сантас” і „Флуміненсе”, а таксама за каманды з Серыі „В” — „Понтэ Прэта” і „Аэстэ”.

Раман Грыгарчук падпісаў кантракт з „Чарнаморцам”

Журналіст Ігар Бурбас у твітэры пацвердзіў інфармацыю аб тым, што былы галоўны трэнер салігорскага „Шахцёра” Раман Грыгарчук стане галоўным трэнерам „Чарнаморца”. Журналіст паведаміў, што кантракт ужо падпісаны. Яго памагатым у адэскай камандзе стане Аляксей Антонаў. Таксама да трэнерскага штаба можа далучыцца Аляксей Гай.

Магнус Карлсэн: Вялікі шанец, што я больш ніколі не буду гуляць матчы за сусветную шахматную карону

Чэмпіён свету нарвежац Магнус Карлсэн заявіў, што матч за сусветную шахматную карону супраць расіяніна Яна Няпомняшчага можа стаць апошнім у яго кар’еры. Карлсэн у снежні атрымаў перамогу над Няпомняшчым у матчы за сусветную шахматную карону і абараніў званне чэмпіёна свету. „Калі хтосьці іншы, акрамя Алірэзы Фірузджы, выйграе турнір прэтэндэнтаў, наўрад ці я згуляю наступны матч за званне чэмпіёна свету. (Матч супраць Фірузджы) можа быць тым, што мяне належным чынам матывуе”, — цытуе Карлсена VG.

НХЛ перанесла тры найбліжэйшыя гульні „Калгары”

Мінулай ноччу ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ павінен быў адбыцца адзін матч, аднак сустрэчу „Чыкага” — „Калгары” перанеслі на нявызначаны тэрмін з-за ўспышкі каронавіруса ў канадскім клубе. НХЛ таксама перанесла аўторкавы гасцявы матч „Калгары” з „Нэшвілам” і дамашні паядынак з „Таронта”. Такім чынам, найбліжэйшая гульня з удзелам „Калгары” адбудзецца 18 снежня, калі ў Канаду наведаецца „Каламбус”. У гэтым сезоне НХЛ перанесла з-за пагрозы распаўсюджвання каронавіруса ўжо восем гульняў. У мінулым чэмпіянаце былі перанесены 55 баталій.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: olympic.kz