На экс-форварда «Гарадзеі» Шавеля завялі крымінальную справу
Як стала вядома Tribuna.com, 17 траўня Расціслаў Шавель вяртаўся з працы. Ля пад’езду яго затрымалі людзі ў цывільным. Пазней Расціслава асудзілі на 15 сутак за непадпарадкаванне. Ён павінен быў выйсці на волю 1 чэрвеня.
1 чэрвеня Шавеля павезлі ў Следчы камітэт, дзе затрымалі на 3 сутак. 4 чэрвеня Расціслава не выпусцілі і павезлі ў СІЗА на Валадарскага. Яго абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх – да трох гадоў пазбаўлення волі).
Па гэтым артыкуле праходзяць 153 палітвязняў. Менавіта ў столькі людзей са спісу палітвязняў 342 артыкул фігуруе ў абвінавачванні, паведамляе „Вясна”.
Нагадаем, раней у Шавеля было тры адміністрацыйныя арышты: 8 сутак у жніўня, 15 — у лістападзе, 15 — у траўні.