На Еўра Швецыя ўзняла свае стаўкі (абноўлена)



18 чэрвеня на футбольным Еўра выступалі дружыны з групаў D і E.

Першымі ў гэты дзень на поле выйшлі дружыны Швецыі і Славакіі. „Трэ крунур” перамога была больш патрэбнай і ўрэшце яна дамаглася жаданага. Швецыя выйграла з мінімальным лікам 1:0. Адзіны мяч з пенальці забіў паўабаронец шведаў Эміль Форсберг.

Становішча ў групе Е зараз такое: 1. Швецыя – 4 ачкі (2 гульні), 2. Славакія – 4 (2), 3. Іспанія – 1 (1), 4. Польшча – 0 (1). Калі заўтра польская дружына прайграе Іспаніі, яе апошні матч супраць шведаў не будзе мець ніякага значання – пры кожным раскладзе польская рэпрэзентацыя тады застанецца на 4-ым месцы.

Два другія матчы сённяшняга дня: Харватыя-Чэхія і Англія-Шатляндыя.

У Глазга сустрэча сярэбранага прызёра апошняга чэмпіянату свету Харватыі і Чэхіі, якая звычайна ўдала выступае на Еўра, выдалася досыць баявой. У выніку нічыя 1:1.

У першай палове чэхі гралі больш крэатыўна і заканамерна выйшлі наперад – пенальці ўпэўнена рэалізаваў Патрык Шык. Гэта ўжо трэці гол бамбардзіра на турніры.

У пачатку другога тайма бліснуў індывідуальным майстэрствам адзін з лідараў „шашачных” Іван Перышыч – яго стрэл па браме чэхаў быў неадхільным. Далей папераменна ішлі атакі, але яны плёну нікому не прынеслі. Такім чынам Чэхія набрала 4 ачкі і пакуль выйшла ў лідары квартэту.

Матч Англія-Шатляндыя праходзіў позна ўвечары і завяршыўся з лікам 0:0. Шатляндцы цешыліся гэтай нічыёй, ангельскія заўзятары перажывалі расчараванне.

Такім чынам пасля двух тураў становішча ў групе D наступнае: 1. Чэхія – 4 ачкі, 2. Англія – 4, 3. Харватыя – 1, Шатляндыя – 1.

Беларускае Радыё Рацыя