На футбольным Еўра Польшча прайграла Славакіі



14 чэрвеня на футбольным Еўра стартавалі каманды групы „Е”. У Пецярбургу першымі сустрэліся дружыны Польшчы і Славакіі. Першы тайм склаўся няўдала для польскай рэпрэзентацыі. За ўсю першую палову „бялэ-чэрвоныя” аніводнага разу не патрапілі ў рамку брамы супернікаў. Славакі пісьменна абараняліся, не даючы прымаць мяч Роберту Левандоўскаму і дзеілі на контратаках. Адна з іх завяршылася вынікова. Гэта Роберт Мак „накруціў” двух абаронцаў Польшчы і стрэліў па браме – мяч трапіў у штангу, потым ў галкіпера Войцэха Шчэнснага і заляцеў у сетку.

Другі тайм пачаўся надзвычай удала для польскай каманды – спатрэбілася некалькі дзясяткаў секунд каб аднавіць раўнавагу. Забітым vячом вызначыўся Караль Лінетты.

На 62-й хвіліне здарыўся неабачлівы фол Гжэгаша Крыховяка і суддзя паказаў яму другую жоўтую картку (першую хаўбек атрымаў яшчэ да перапынку), якая аўтаматычна трансфармавалася ў чырвоную. А неўзабаве славакі арганізавалі другі гол – неадхільна па браме прабіў абаронца міланскага „Інтэру” Мілан Шкрыньяр.

На апошняй хвіліне асноўнага часу Ян Беднарэк меў шанец параўняць лік, але не патрапіў па браме. У выніку перамога Славакіі – 2:1.

Гэта быў увогуле чэха-славацкі дзень на Еўра. У Глазга ў групе „D” чэшская дружына адолела гаспадароў поля шатляндцаў – 2:0. Двума эфектнымі галамі вызначыўся Патрык Шык.

Становішча квартэту „D” пасля першага туру такое: 1. Чэхія – 3 ачкі, 2. Англія – 3, 3. Харватыя – 0, 4. Шатляндыя – 0.

У вячэрнім матчы групы „Е” Іспанія і Швецыя разышліся мірам – 0:0. Гэта першая нулявая нічыя на турніры.

Становішча ў групе „Е” пасля стартавага туру крыху нечаканае: 1. Славакія – 3 ачкі, 2-3. Швецыя – 1, 2-3. Іспанія – 1, 4. Польшча – 0.

Беларускае Радыё Рацыя