На Гарадзеншчыне аб’ядноўваюцца аматары ветразевага спорту



Аматары ветразя Прынёмання аб’ядноўваюцца. «Чатыры вятры» – так называецца новае Гарадзенскае абласное грамадскае аб’яднанне, якое заклікана яднаць усіх аматараў ветразевага спорту.

«Гэта спроба паказаць людзям, што на рэках, азёрах і вадаёмах Гарадзеншчыны ёсць ветразі. Таксама паспрабуем прыцягнуць людзей, якія, магчыма, лічаць, што ім было б цікава паспрабаваць сябе ў гэтай справе, але пакуль яны не ведалі дзе», – кажа старшыня аб’яднання «Чатыры вятры» Аляксандр Бірылаў.

– Такога аб’яднанная, якое аб’ядноўвала б аматараў, тых, каму не прынцыпова спартовыя вынікі, а ўсё гэта для душы, каб займацца любімай справай, такога аб’яднання на Гарадзеншчыне не было. Мы спрабавалі рабіць так, каб аб’яднаць усіх – і спартоўцаў, і аматараў, хто ўжо займаўся ветразевым спортам, і тых, хто яшчэ плануе. Нам паказалася, што такога аб’яднання як раз не хапае ў Гарадзенскай вобласці.

Пакуль у аб’яднанне ўваходзяць з дзясятак энтузіястаў. Гэта людзі розных прафесій: ад трэнераў да юрыстаў, мастакоў і прадпрымальнікаў. Па словах Аляксандра Бірылава, у планах аб’яднання «Чатыры вятры» – стварыць сваю базу на адным з вадаёмаў Гарадзенскай вобласці. Не выключана, што гэта будзе так званае «Гарадзенскае мора», якое з’явілася ў 25 кіламетрах ад Гародні пасля будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на раке Нёман. Гэтая акваторыя, даўжынёй амаль 40 кіламетраў, знаходзіцца непадалёк ад гарадскога пасёлка Свіслач і можа стаць яшчэ адным папулярным месцам, дзе аматары ветразя змогуць насалодзіцца яднаннем з прыродай.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя