На матч Беларусь – Украіна прададзена каля 8 тысяч білетаў



На адборавы матч чэмпіянату Еўропы-2016 Беларусь – Украіна прададзена каля 8 тысяч білетаў. Раней паведамлялася, што фанаты зборнай Украіны выкупілі ўсе прадстаўленыя ўкраінскай федэрацыі квіткі. Аднак, пазней стала вядома, што матч можа прайсці без шэрагу ўкраінскіх заўзятараў, якім супрацоўнікі Дзяржпагранкамітэту Беларусі зачынілі ўезд у нашу краіну. Матч Беларусь – Украіна адбудзецца 9 кастрычніка на „Барысаў-Арэне”. Пачатак сустрэчы ў 21.45.

Перад матчам з украінцамі па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні работнікам міліцыі быў затрыманы лідар беларускага ультрас-руху. Актывіст беларускага футбольнага ультрас-руху Яўген Адзярыха быў затрыманы за нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі руху ў сацыяльных сетках, а ў ГУУС Мінгарвыканкама пацвердзілі інфармацыю.

Малады чалавек знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна з 6 кастрычніка, 13 кастрычніка ён будзе вызвалены. Па словах фанатаў, Яўген быў затрыманы, знаходзячыся ў сябе дома. Яму былі прад’яўленыя абвінавачванні ў „нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні праваахоўным органам”. Фанаты сцвярджаюць, што Адзярыха не адзіны сябра іх арганізацыі, хто быў затрыманы міліцыяй.

На мінулым тыдні ў прэсе з’явілася паведамленне аб тым, што беларускія ультрас збіраюцца правесці перфоманс салідарнасці з Украінай у час паядынку паміж дзвюма зборнымі.

Беларускае Радыё Рацыя