На матч кваліфікацыі Германія – Беларусь прададзена 28500 квіткоў



16 лістапада зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Мархеля завершыць кваліфікацыю чэмпіянату Еўропы-2020 паядынкам з камандай Германіі. Сустрэча з „бундэстым” пройдзе на стадыёне „Барусія-Парк” і пачнецца ў 22.45 па беларускім часе. На гульню з беларусамі ўжо прададзена 28500 квіткоў пры ўмяшчальнасці арэны 46279 для міжнародных матчаў. Нямецкія журналісты адзначаюць, што цікавасць гледачоў да адборавых сустрэч „пакідае жадаць лепшага”.

Усе квіткі на матч 29-га тура вышэйшай лігі паміж берасцейскім „Дынама” і „Віцебскам” прададзеныя. Паядынак пройдзе на стадыёне ОСК „Брэсцкі” 24 лістапада і пачнецца ў 14.00. У выпадку перамогі, альбо калі БАТЭ страціць ачкі ў паралельнай сустрэчы, „Дынама” адсвяткуе першае чэмпіёнства ў гісторыі. Стадыён у Берасці месціць 10169 чалавек.

Гародня прыме чэмпіянат свету па гіравым спорце

Прафесіяналы-гіравікі пазмагаюцца ў Гародні за ўзнагароды чэмпіянату свету па гіравым трыятлоне і кубку свету па гіравым спорце. Спаборніцтвы, падчас якіх адбудзецца і чэмпіянаты Еўропы, а таксама першы інклюзіўны турнір, збяруць 15-17 лістапада ў Гародні каля 150 удзельнікаў з 12 краін. Мінімальны вага снарада складзе 4 кг. Калі казаць пра максімальную, то запланаваны выступленні з гірай ў 80 кг. Сусветны рэкорд у штуршку 80-кілаграмовай гіры за адну хвіліну плануе пабіць літоўскі стронгмен Саўліус Скікас.

„Лос-Анджэлес Гэлаксі” абвясціў аб сыходзе Златана Ібрагімавіча

„Лос-Анджэлес Гэлаксі” паведаміў, што кантракт з форвардам Златанам Ібрагімавічам не будзе працягнуты па ўзаемнай згодзе. Пагадненне з 38-гадовым шведам разлічана да 31 снежня 2019 года. Раней паведамлялася аб магчымым вяртанні Ібрагімавіча ў „Мілан”.

Анастасія Кірылава выйграла гонку на 5 км у рамках Кантынентальнага Кубка Усходняй Еўропы

На трасах Нацыянальнага Цэнтра лыжнага спорту ў казахстанскім Шчучынскім прайшлі спаборніцтвы Кантынентальнага Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках у дысцыпліне індывідуальная гонка класічным стылем. Сярод жанчын перамагла Анастасія Кірылава з Беларусі. На другім месцы размясцілася Дар’я Рагозіна з Расеі. Замкнула тройку лідараў яшчэ адна прадстаўніца Расеі Наталля Баракіна.

Федэрацыя футбола Чылі адмяніла матч нацыянальнай зборнай з камандай Перу і ўсе бліжэйшыя гульні чэмпіянату з-за масавых пратэстаў у краіне

Федэрацыя футбола Чылі абвясціла аб адмене таварыскага матчу зборнай з камандай Перу ў Ліме, запланаванага на 19 лістапада. Галоўны трэнер чылійцаў Рейнальда Руэда паведаміў гульцам, што яны могуць вяртацца ў свае клубы. Нацыянальная асацыяцыя прафесійнага футбола Чылі заявіла пра рашэнне не праводзіць матчы нацыянальных чэмпіянатаў у бліжэйшыя выходныя. Падобныя меры звязаныя з масавымі акцыямі пратэсту, якія праходзяць у Чылі апошнія тыдні. Яны пачаліся з-за павышэння кошту праезду на метро.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя