На мундыялі завяршаецца групавая стадыя



27 чэрвеня на мундыялі здарылася найвялікшая сенсацыя турніру. Чэмпіён свету – зборная Нямеччыны заўчасна склала паўнамоцтвы. Бундэстым не здолела выйграць апошні матч папярэдняй стадыі, які даваў ёй магчымасць выйсці ў 1/8-ю фіналу. Больш таго немцы ў самай канцоўцы прапусцілі два мячы ад Паўднёвай Карэі і занялі апошняе месца ў групе. Што здарылася з камандай Яўхіма Лёва ў Расеі – анамалія, над якой варта паламаць галаву навукоўцам. Нібыта ўсё германцы рабілі па сістэме – метадычна атакавалі, дыктавалі свае ўмовы супернікам, білі па браме. Усё як заўсёды – і разам з тым не так. Цудоўнае ўратаванне ў другім паядынку са Швецыяй толькі падкрэсліла заканамернасць агульнай няўдачы. Ніколі яшчэ такога не было, каб бундэсманшафт не выходзіла на чэмпіянаце свету з групы. Але кожная серыя заўсёды мае свой канец. Попел Казані яшчэ доўга будзе стукаць у нямецкія сэрцы.

Што датычыць карэйцаў, то ім ужо зараз можна аддаваць прыз фэйр-плэй. Азіяты увесь матч адчайна адбіваліся, а ў самай канцоўцы дзвюмя тарпедамі пусцілі нямецкі крэйсер на дно. Радаваліся гэтаму лакальнаму поспеху карэйцы як дзеці.

Паўднёвая Карэя – Нямеччына – 2:0 (Сон, 90-я, Кім, 93-я хв.).

У паралельным матчы Швецыя ціснула Мексіку. “Трэ крунур” вельмі мэтна правяла паядынак і з халодным разлікам кілера ледзь не адправіла імпульсіўных лаціносаў заўчасна дахаты. Ацтэкам яшчэ моцна пашанцавала, што Нямеччына не здолела перамагчы карэйцаў.

Ролю першай скрыпкі ў атацы шведаў граў дасведчаны Маркус Берг – аднойчы мексіканцаў гераічна ўратаваў брамнік Ачоа. Пасля перапынку, аднак, гэтага арыгінальнага галкіпера “прашыў” Людвіг Аўгусцінсан. Потым Берг зарабіў пенальці, а Андрэас Гранквіст ледзь не падраў сетку. Завяршылася ўсё гандбольным самастрэлам Альвараса.  

Шведы разграмілі ацтэкаў і занялі першае месца ў групе. Прыйшла пара сказаць, што без фанабэрыстага Ібрагімавіча “трэ крунур” прыдбала зусім іншае, куды больш прывабнае аблічча.

Мексіка – Швецыя – 0:3 (Аўгусцінсан, 50-я, Гранквіст, 62-я, з пенальці, Альварас, 74-я, аўтагол).

Выніковае становішча ў групе: 1. Швецыя – 6 ачкоў, 2. Мексіка – 6, 3. Карэя – 3, 4. Германія – 3.

У квартэце “Е” Бразілія і Швайцарыя завочна разыгрывалі першае месца. Тэарэтычна ў гэтае змаганне магла ўмяшацца Сербія, але балканцы прагназавана не змагі падрыхтаваць пентакампеонам сапраўдных сюрпрызаў. Бразільцы адчувальна дзеілі з запасам, а іх сапраўдны патэнцыял дагэтуль застаецца загадкай. На яе мы атрымаем адказ ужо ў плэй-оф. Усе думалі, што сербы будуць біць па нагах лідара Бразіліі Нэймара, але той дальнабачна заняўся пераважна асістэнцкай працай. Затое на авансцэну выйшаў іншы форвард – прадстаўнік “Барселоны” Паўліньё. Менавіта ён за 10 хвілін да канца першага тайма адкрыў лік, скарыстаўшыся тонкай перадачай крэатыўнага Куціньё. Усё складвалася проста для селесао, аднак дзень азмрочыла траўма левай нагі аднаго з лідараў Бразіліі Марсэла – вельмі падобна, што чэмпіянат для яго ўжо закончыўся.

У сербаў як звычайна вельмі стараўся настырны нападнік Аляксандр Мітравіч, але яму бракавала тэхнічных вынаходніцтваў. У другой палове бразільцы кантралявалі сітуацыю, асабліва пасля таго як удала разыгралі кутні. Нэймар падаў мяч як на сподачку, а Ціягу Сільва галавой прымусіў капітуляваць Уладзіміра Стойкавіча.

Сербія – Бразілія – 0:2 (Паўліньё, 35-я, Ціягу Сільва, 68-я).

Фестывальны паядынак Швайцарыі і Коста-Рыкі завяршыўся выніковым мірам. Цягам спаткання, зразумеўшы, што ім ніяк не апярэдзіць бразільцаў, “крыжакі” сталі гуляць, асабліва не пераймаючыся лікам на табло.

Першымі вызначыліся швайцарцы – яны рэалізавалі адзіную магчымасць – Блерым Джэмаілі пасля скідкі Эмбало прымусіў Кейлара Наваса даставаць мяч з сеткі. Потым еўрапейцаў чакала непрыемнасць – ключавы абаронец і капітан Стэфан Ліхштайнер атрымаў жоўтую картку і прапусціць матч 1/8- фіналу.

Пасля выхаду з раздзявальні кастарыканцы нарэшце знайшлі шлях да лакальнага поспеху – Кендал Уостан забіў першы мяч цэнтральнаамерыканцаў на турніры. У канцоўцы Ёсіп Дрміч проста ўзорна стрэліў па браме, але выйграць у гэты дзень шматнацыянальнай дружыне не ўдалося. Апошні гол выглядаў проста анекдатычна. Костарыканцы атрымалі права на пенальці, 11-мятровы выконваў капітан – вядомы форвард Браян Руіс. Мяч трапіў у папярэчыну брамы, ад яе ў патыліцу галкіпера Яна Зоммера і адляцеў у сетку.  

Швайцарыя – Коста-Рыка – 2:2 (Джэмаілі, 31-я, Дрміч, 88-я; Уостан, 56-я, Зоммер, 93-я, аўтагол)

Выніковае становішча ў групе “Е”: 1. Бразілія – 7 ачкоў, 2. Швайцарыя – 5, 3. Сербія – 3, 4. Коста-Рыка – 1.

Сёння, 28 чэрвеня, чатырма сустрэчамі будзе завершана групавая стадыя турніру. Вызначацца апошнія два ўдзельнікі плэй-оф.

У квартэце “Н” зборныя адсеюць трэцяга лішняга. Калумбію ў паядынку з Сенегалам задаволіць толькі вікторыя. Ці хопіць запалу акрыленым пасля мінулага матча з палякамі паўднёваамерыканцам? Сенегал будзе дзеіць па сітуацыі – напэўна “ільвы Тэрангі” падрыхтавалі свой мабільны стратэгічны план.

Польшчы варта ўзяць прыклад з карэйцаў і кастарыканцаў і пастарацца паправіць рэнаме, якое істотна пахіснулася – напэўна Адам Навалка дасць магчымасць выступіць усім сваім маладым гульцам і заменіць асноўнага брамніка Войцэха Шчэнснага. Японцы па традыцыі пачнуць асцярожна, але ўсе ведаюць, як могуць дадаваць газу “сінія самураі” у другой палове матчу.

Позна ўвечары Англія з Бельгіяй будуць выбіраць сабе супернікаў у 1/8-й фіналу – пакуль у еўрапейцаў абсалютная роўнасць паказнікаў. Сустрэча Панама-Туніс мае толькі пратакольны характар.

Ужо сфармаваныя наступныя пары ўдзельнікаў 1/8 фіналу: Уругвай – Партугалія, Францыя – Аргенціна, Бразілія – Мексіка, з іншага боку сеткі: Іспанія – Расея, Харватыя – Данія, Швецыя – Швайцарыя. Беларускае Радыё Рацыя