Надзея Скардзіна стала 1000-м спартоўцам, які патрабуе сыходу Лукашэнкі
Славутая біятланістка, алімпійская чэмпіёнка ў эстафеце Надзея Скардзіна падпісала петыцыю супраць гвалту і за зыход Лукашэнкі. Як паведамляе спартовы партал «Трыбуна», яна стала 1000-м спартоўцам у спісе.
Раней яна рашуча адрэагавала на жорсткае збіццё Мікіты Домрачава, старэйшага брата калегі па камандзе Дар’і Домрачавай. Спартовая грамадскасць Беларусі выступіла з палітычнымі патрабаваннямі да ўлады: прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі з прычыны шматлікіх фактаў фальсіфікацый і ціску на выбарчыя камісіі. Правесці паўторныя выбары прэзідэнта ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўку дзейнага складу ЦВК з прыцягненнем да адказнасці. Вызваліць усіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый, якія не маюць дачынення да супрацьпраўнай дзейнасці. Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных. Ёсць і іншыя патрабаванні.
Уладзімір Ігнацік выйшаў у чвэрцьфінал турніру ў Грэцыі
Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік (331) прабіўся ў чвэрцьфінал турніру ў грэчаскім Іракліёне. У паядынку 1/8 фіналу беларус разграміў у двух сэтах грэчаскага тэнісіста Петраса Цыцыпаса (1050) – 6:0, 6:1. У першым раўндзе Уладзімір Ігнацік перамог італьянца Франчэска Форці (428) – 7:5, 6:4.
Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду на турніры ў Нур-Султане. У матчы першага раўнда беларуска-ізраільскі дуэт менш чым за гадзіну абыграў у двух партыях егіпецка-казахстанскі тандэм Махамед Сафват/Дзяніс Яўсееў – 6:3, 6:3.
На Мілеўскага прэтэндуюць украінскія „Рух” і „Колас”
Былы форвард кіеўскага „Дынама” Арцём Мілеўскі можа завяршыць кар’еру ва Украіне. Раней нападнік намякнуў ў Інстаграме на хуткі сыход з берасцейскага „Дынама”. Тelegram-канал „Дынама Кіеў Inside” паведамляе, што ў паслугах 35-гадовага форварда могуць быць зацікаўлены два ўкраінскія клубы, якія выступаюць у УПЛ – „Рух” і „Колас”.
Аршанскі „Вітэн” згуляе з балгарскім „Чорна мора” у ЛЧ па міні-футболе
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. Чэмпіён Беларусі аршанскі „Вітэн” ў паядынку за выхад у 1/16 фіналу ў перыяд з 24 па 29 лістапада прыме на пляцоўцы магілёўскага спорткомплексу балгарскі клуб „Чорна мора” з Варны. Чэмпіён Латвіі „Пятроў” з Рыгі, настаўнікам якога з’яўляецца галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандр Савінцаў, згуляе на сваёй арэне са славацкім клубам „Лучынец”.
Бостанскі марафон перанесены на восень 2021 года
Бостанскі марафон, які традыцыйна праходзіць у трэці панядзелак красавіка ў штаце Масачусац (ЗША), перанесены на восень 2021 года з-за абмежаванняў, звязаных з каронавірусам. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце арганізатараў спаборніцтваў. Бостанскі марафон першапачаткова павінен быў адбыцца 20 красавіка, але быў адменены ўпершыню за сваю 124-гадовую гісторыю з-за пандэміі COVID-19.
У Баранавічах пачалося будаўніцтва новага футбольнага стадыёна
У Баранавічах пачалося будаўніцтва новай футбольнай арэны. Пра гэта паведамляе Твітар часопіса „Вялікі футбол”. Футбольнае поле будзе мець штучнае пакрыццё, якое выдзелілі БФФ і УЕФА, таксама прадугледжана трыбуна на 528 месцаў і асвятленне. Увод у эксплуатацыю спартовага аб’екта намечаны на 2021 год.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sb.by