„Нафтан” і „Дынама” Берасце не атрымалі ліцэнзіі
Наваполацкі футбольны клуб „Нафтан” і берасцейскае „Дынама” не атрымалі ліцэнзіі для выступаў у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. Такое рашэнне 9 сакавіка прыняў камітэт па клубным ліцэнзаванні Беларускай федэрацыі футбола. Прычынай называецца невыкананне фінансавых крытэрыяў гэтымі клубамі. Як адзначае прэс-служба футбольнай федэрацыі, цяпер ім давядзецца звяртацца ў апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні.
Ліцэнзіі пакуль што атрымалі 10 клубаў: БАТЭ (Барысаў), „Дынама” (Мінск), „Шахцёр” (Салігорск), „Мінск”, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна), „Нёман” (Гродна), „Славія” (Мазыр), „Слуцк”, „Віцебск” і „Гарадзея”.
Яшчэ па чатырох клубах ліцэнзійны камітэт не прыняў рашэння. „Белшына” (Бабруйск), „Крумкачы” (Мінск), „Граніт” (Мікашэвічы) і „Іслач” (Мінскі раён) павінны падаць дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць іх здольнасць выканаць свае фінансавыя абавязанні ў 2016 годзе. Рашэнне па гэтых клубах камітэт прыме 11 сакавіка.
Футбольны чэмпіянат стартуе 2 красавіка.