Нападнік Андрэй Стась расстаўся з „Авангардам”



Беларускі нападнік Андрэй Стась пакінуў „Авангард”. Пра гэта паведамляе прэс-служба омскага клуба.

У складзе „ястрабаў” хакеіст стаў уладальнікам Кубка Гагарына сезона-2020/2021. У рэгулярцы Стась правёў 42 матчы, закінуў адну шайбу і аддаў сем выніковых перадач з паказчыкам карыснасці „-3”. У плэй-оф форвард згуляў 19 матчаў і аддаў тры „асісты”.

Беларускі лыжнік Віктар Конанаў дыскваліфікаваны на два гады

Беларускі лыжнік Віктар Конанаў дыскваліфікаваны на два гады за ўжыванне забароненых рэчываў. У спробе спартоўца выявілі мельдоній. Конанаў не зможа ўдзельнічаць у спаборніцтвах з 18 студзеня 2021 па 17 студзеня 2023, паведамляе сайт НАДА.

Мікіта Вайлупаў – пяты бамбардзір кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы

Гандбаліст зборнай Беларусі Мікіта Вайлупаў стаў пятым бамбардзірам адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2022. Ён закінуў 39 мячоў у шасці матчах. Найлепшым стаў распасоўнік зборнай Швейцарыі Андзі Шмід – на рахунку гульца „Райн Левен” 55 дакладных кідкоў. Другое месца заняў нідэрландзец Кай Смітс. Трэцюю пазіцыю падзялілі фін Макс Гранлунд і эстонец Карл Тоом. Беларусы фінішавалі на другім месцы ў групе 6 і выйшлі на топ-турнір.

У новым рэйтынгу АТП Ягор Герасімаў падняўся на 75-ы радок

3 траўня на сайце АТП з’явіўся абноўлены рэйтынг. Лідар рэйтынгу ранейшы – серб Новак Джокавіч. Лепшы з беларусаў – Ягор Герасімаў – падняўся на адну пазіцыю і займае 75-е месца. Ілля Івашка, дзякуючы выхаду ў паўфінал турніру ў Мюнхене, трапіў у топ-100 і займае цяпер 93 месца. Таксама Ілля Івашка здзейсніў самы значны рывок у „чэмпіёнскай гонцы” АТП, падняўшыся на 50 пазіцый і займае цяпер 73 месца. У „чэмпіёнскай гонцы” улічваюцца толькі ачкі, здабытыя ў сезоне.

Рауль Алонса пакіне пасаду галоўнага трэнера „Мяшкоў Брэст” па заканчэнні сезона

Іспанскі спецыяліст Рауль Алонса пакіне пасаду галоўнага трэнера „Мяшкоў Брэст” па заканчэнні сезона. Кіраўніцтва клуба мела намер захаваць цяперашні трэнерскі штаб і працягнуць супрацоўніцтва з Раулем Алонса. Аднак іспанскі спецыяліст вырашыў вярнуцца ў Германію, дзе знаходзіцца яго дом. Пад кіраўніцтвам Алонса „Мяшкоў Брэст” тройчы ўзяў золата чэмпіянату Беларусі, а таксама ўпершыню ў гісторыі дабраўся да 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў, дзе згуляе з „Барселонай”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Тут.бай