Нападнік Дзяніс Мосалеў заключыў новы кантракт з менскім „Дынама”



Нападнік Дзяніс Мосалеў падпісаў новы кантракт з менскім „Дынама”. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба.

Пагадненне з хакеістам разлічана на наступны сезон. Мосалеў выступаў за менскае „Дынама” ў мінулым сезоне КХЛ. Ён далучыўся да каманды ў снежні 2020 года і ў 25 паядынках набраў 11 (7+4) ачкоў па сістэме „гол+пас”.

„Трактар” абвясціў пра заключэнне кантракту з нападнікам Андрэем Стасем. 32-гадовы беларус падпісаў пагадненне з клубам з Чэлябінска па схеме „2+1”. З 2018 па 2021 год Стась выступаў за „Авангард”, у сезоне-2020/21 ён выйграў Кубак Гагарына ў складзе амічоў.

Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры стане шостай ракеткай свету

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка упершыню стане шостай ракеткай свету. Па выніках турніру ў Мадрыдзе Арына ўжо забяспечыла сабе шосты радок сусветнага рэйтынгу, абыграўшы ў матчы трэцяга круга амерыканку Джэсіку Пегулу і выйшаўшы ў чвэрцьфінал. У выпадку перамогі на турніры Арына перасягне па набраных балах амерыканскую тэнісістку Сафі Кенін і падымецца на чацвёрты радок. За выхад у паўфінал турніру ў Мадрыдзе беларуска паспрачаецца з прадстаўніцай Бельгіі Эліс Мертенс.

Аляксандр Сачыўка прызнаны найлепшым гульцом 7-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Абаронца „Шахцёра” Аляксандр Сачыўка прызнаны найлепшым гульцом 7-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У гасцявой сустрэчы з рэчыцкім „Спадарожнікам” 35-гадовы футбаліст салігорскага клуба на 36-й хвіліне стаў аўтарам пераможнага гола – 2:1. У сёлетнім першынстве Аляксандр Сачыўка без замен адыграў усе сем паядынкаў, у якіх „Шахцёр” не страціў ніводнага ачка.

„Барселона” ацэньвае Неймара ў 100 мільёнаў еўра

„Барселона” паспрабуе падпісаць нападніка “ПСЖ” Неймара пасля вылету парыжан з Лігі чэмпіёнаў. Як піша As, прэзідэнт каталонскага клуба Жоан Лапорту лічыць, што трансфер бразільца станоўча адаб’ецца на „Барсе”. Па-першае, ён падвысіць каштоўнасць брэнда. Па-другое, падвысіць ровень каманды, за якую выступае шмат маладых футбалістаў. Па-трэцяе, пераход Неймара паўплывае на Ліянэля Месі, які пакуль не прыняў канчатковага рашэння пра сваю будучыню. „Барселона” ацэньвае бразільца ў 100 мільёнаў еўра. Тэрмін дзейнага кантракта форварда з „ПСЖ „мінае летам 2022 года. Паведамлялася, што бакі блізкія да падаўжэння пагаднення, аднак новы кантракт яшчэ не падпісаны.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hockey.by