«Напалі» разграміў «Легію»



«Напалі» разграміў варшаўскую «Легію» у хатнім матчы 3-га тура групавога этапу Лігі Еўропы. Гульня групы C у Неапалі завяршылася з лікам 3:0. Па голу ў другім тайме забілі Ларэнца Інсіньё, Віктар Осімхэн і Матэа Палітана. За дзень да гэтага адбыўся яшчэ адзін матч гэтай групы, у якім «Спартак» на сваім полі прайграў «Лестэру» з лікам 3:4. Турнірнае становішча ў групе C пасля 3 тураў: «Легія» – 6 ачкоў, «Напалі» і «Лестэр» – па 4, у «Спартака» – 3 ачкі. У наступным туры 4 лістапада «Спартак» згуляе з «Лестэрам» у гасцях, а «Легія» прыме «Напалі» на сваім полі. Маскоўскі „Лакаматыў” на хатняй арэне саступіў „Галатасараю” 0:1. Беларусы Віталь Лісаковіч і Кірыл Зіновіч у складзе „Лакаматыва” на гульню заяўлены не былі.

Абаронца „Руху” дыскваліфікаваны на шэсць матчаў

Адбылося пасяджэнне судзейска-экспертнай камісіі Беларускай федэрацыі футбола. Яно было прысвечана спрэчным момантах матчу „Руху” і менскага „Дынама”. Па ўсіх чатырох эпізодах (выдаленне Вакуліча на 30-ай хвіліне, непрызначаны штрафны на карысць берасцейцаў пасля праходу Савіцкага, гол „Дынама” ў браму берасцейцаў у канцоўцы сустрэчы, а таксама непрызначаны пенальці ў браму „Дынама” на зыходзе матчу) прынята рашэнне ў правільнасці дзеянняў арбітра Сяргея Краснікава. Пры гэтым гулец гаспадароў Аляксей Вакуліч за нанясенне цяжкай траўмы суперніку дыскваліфікаваны на шэсць матчаў.

Баскетбалісткі „Гарызонта” прайгралі другі матч у Еўракубку

Баскетбалісткі „Гарызонта” пацярпелі другую паразу запар на групавым этапе розыгрышу Еўракубка. У паядынку 2-га тура групы С падначаленыя Наталлі Трафімавай саступілі на выездзе польскаму клубу „Гожув” з лікам 58:80. Выйграўшы першую чвэрць з мінімальнай перавагай, беларускія баскетбалісткі затым саступілі ініцыятыву суперніцам. Лепшай у складзе „Гарызонта” стала Анастасія Верамеенка, у актыве якой 20 ачкоў, 9 падбораў і 2 выніковыя перадачы. На старце турніру „Гарызонт” саступіў на сваёй пляцоўцы баскетбалісткам турэцкага клуба „Мерсін” з вынікам 55:78. Свой наступны матч менчанкі правядуць 28 кастрычніка ў гасцях у яшчэ аднаго польскага клуба „Любліна”.

Ягор Герасімаў прайграў у 1/8 фіналу турніру ў Маскве

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў завяршыў выступы на турніры „ВТБ Кубак Крамля” ў Маскве. У 1/8 фіналу адзіночнага разраду беларус прайграў у двух партыях расейскаму тэнісісту Аслану Карацэву – 4:6, 3:6. Сустрэча працягвалася гадзіну 27 хвілін. У першым раўндзе Ягор Герасімаў адолеў ў трохсэтавым паядынку серба Міаміра Кецманавіча – 6:3, 1:6, 6:4. У асноўную сетку спаборніцтваў у расейскай сталіцы Ягор Герасімаў прабіўся праз кваліфікацыю.

Чэмпіянат Беларусі па валейболе да першага снежня будзе праходзіць без гледачоў

У сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне і хуткім ростам захворвання каронавіруснай інфекцыяй чэмпіянат Беларусі па валейболе да першага снежня будзе праходзіць без гледачоў. Пра гэта паведаміла Беларуская федэрацыя валейбола.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя