Нарвежскія біятланісткі выйгралі эстафету Кубка свету
Жаночая зборная Беларусі па біятлоне заняла 12-е месца ў эстафеце 4х6 км на пятым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у нямецкім Рупольдынгу. Беларускі квартэт у складзе Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко, Ганны Солы і Алены Кручынкінай саступіў лідарам гонкі 3 хвіліны 13,9 секунды. Першай стала каманда Нарвегіі. Другое месца занялі французскія спартоўкі. Замкнулі тройку лідараў біятланісткі са Швейцарыі. Усяго стартавалі 23 каманды. Працягнуцца спаборніцтвы ў Рупольдынгу сёння эстафетай у мужчын.
«Мінчанка» прайграла краснадарскаму «Дынама»
Валейбалісткі «Мінчанкі» саступілі на тай-брэйку выязнога матчу 11-га тура расейскай суперлігі краснадарскаму «Дынама» з лікам 2:3. Выйграўшы першую партыю, беларускі не змаглі ўтрымаць пераможны настрой у наступных двух сэтах. Аднак, праявіўшы характар, яны змаглі перавесці матч на тай-брэйк. На жаль, у валейбольнай латарэі поспех быў на баку суперніц. Самай выніковай валейбалісткай беларускага клуба стала Кацярына Сакольчык, якая набрала 20 ачкоў. Пасля 11 тураў «Мінчанка» набрала 6 ачкоў і займае 11-е месца ў турнірнай табліцы розыгрышу расейскай суперлігі.
Таццяна Маркевіч перайшла ў турэцкі «Ілбанк»
Капітан зборнай Беларусі па валейболе Таццяна Маркевіч перайшла з чалябінскага клуба «Дынама-Метар» у турэцкі «Ілбанк». У камандзе «Дынама-Метар» пад кіраўніцтвам трэнера жаночай зборнай Беларусі Дзяніса Матвеева Таццяна Маркевіч была адной з самых актыўных гульцоў расейскай суперлігі, замыкаючы дзясятку бамбардзіраў маючы 142 ачкі. Маркевіч дапамагла чалябінкам здабыць тры перамогі ў турніры, дзякуючы чаму яны знаходзяцца на 9-м радку ў турнірнай табліцы. Раней клуб з Чалябінска пакінула яшчэ адна прадстаўніца зборнай Беларусі – блакавальная Ганна Каліноўская, якая перабралася ў тайваньскую каманду «Топ Снід».
Васіліса Марзалюк стала пятай на турніры па барацьбе ў Рыме
Беларуская спартоўка Васіліса Марзалюк у вагавай катэгорыі 76 кг заняла пятае месца на міжнародным турніры па барацьбе, які праходзіць у Рыме. Беларуска паспяхова правяла дзве сутычкі, але прайграла паядынак супраць алімпійскай чэмпіёнкі 2016 года канадкі Эрыкі Вібэ. У супрацьстаянні за бронзавы медаль Васіліса Марзалюк не змагла падабраць ключ да абароны немкі Аліны Фоке, саступіўшы з лікам 2:4. На турніры ў Рыме беларускія спартоўкі правяраюць свае сілы перад чэмпіянатам Еўропы, які пройдзе ў сталіцы Італіі ўжо ў лютым.
Менскі СКА саступіў гандбалістам ЗТР у Балтыйскай лізе
Гандбалісты менскага СКА пацярпелі першую паразу на групавым этапе Балтыйскай лігі. Віцэ-чэмпіёны Беларусі саступілі ў Запарожжы ўкраінскаму ЗТР з лікам 32:34. Менчукі гулялі без шэрагу асноўных гульцоў і галоўнага трэнера Ігара Папругі, якія знаходзяцца ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы. Два наступныя паядынкі ў групе А Балтыйскай лігі СКА таксама правядзе на выездзе: 7 лютага з лідарам – фінскім «Рыіхімякі», а 9 лютага з эстонскай «Пылвай».
Зборная Беларусі па гандболе згуляе з камандай Чэхіі
Сёння зборная Беларусі па гандболе згуляе з камандай Чэхіі ў матчы асноўнага раўнда чэмпіянату Еўропы-2020. Сустрэча ў Вене пачнецца ў 18.00 па беларускім часе. Пакуль беларусы разам з чэхамі замыкаюць турнірную табліцу групы І разам з чэхамі не маючы ачкоў у сваім актыве.
Ілля Шкурын будзе гуляць за ЦСКА пад 11-м нумарам
Нападнік ЦСКА Ілля Шкурын, які нядаўна падпісаў кантракт з армейцамі, вызначыўся з гульнявым нумарам. Ён будзе выступаць пад 11-м нумарам. Пад такім жа нумарам з 2004 па 2006 год гуляў нападнік Вагнэр Лав, паведамляе твітэр клуба. Кантракт 20-гадовага беларуса разлічаны на 4,5 гады. У мінулым сезоне Шкурын правёў 26 матчаў у чэмпіянаце Беларусі і забіў 19 мячоў.
«Манчэстар Юнайтэд» дамовіўся па трансферы Бруна Фэрнандэша за 60 мільёнаў еўра
Паўабаронца лісабонскага «Спортынга» Бруна Фэрнандэш працягне кар’еру ў «Манчэстар Юнайтэд». Сума трансфера 25-гадовага хаўбека складзе 60 мільёнаў еўра + бонусы. Партугалец падпіша з «чырвонымі дʼябламі» кантракт тэрмінам да 2025 года. У гэтым сезоне Фэрнандэш забіў 15 мячоў і аддаў 13 выніковых перадач у 25 матчах ва ўсіх турнірах на клубным узроўні.
Беларускае Радыё Рацыя