Настасся Пракапенка заваявала бронзу на ЧС у Егіпце



Лідар зборнай Беларусі Настасся Пракапенка заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор’і, які праходзіць у Каіры.

Спартсменцы са Слуцка ўдаліся заключныя віды праграмы – верхавая язда і камбінаваны від (бег і стральба). Дзякуючы паспяховаму выступленню ў кросе і на агнявым рубяжы, дзе Настасся Пракапенка заняла першае месца, яна атрымала дастатковую колькасць балаў, каб узняцца на трэцюю прыступку п’едэстала гонару – 1281 ачко. Чэмпіёнкай свету стала Гульназ Губайдуліна з Расеі – 1292 балы. Сярэбраная ўзнагарода ў Сафіі Фолдашы з Венгрыі – 1285 балаў.

Для Настассі Пракапенка гэта першы асабісты медаль на сусветных форумах. У бягучым сезоне яна таксама выступіла на дамашнім чэмпіянаце Еўропы, дзе заваявала золата.

Іншыя беларускія спартсменкі аказаліся за межамі дзясяткі мацнейшых. Таццяна Халдоба размясцілася на 20-м месцы падагульняючага пратакола (1219 балаў), Ірына Прасянцова завяршыла барацьбу на 28-м месцы (1166 балаў), Вольга Сілкіна – на 36-м (867 ачкоў).

На чэмпіянаце свету ў Каіры не змаглі пазмагацца за ўзнагароды беларусы Ілья Палазкоў і Кірыл Касьянік. Ілья Палазкоў меў лепшы рэзультат сярод удзельнікаў пасля кваліфікацыі, аднак у вырашальнай стадыі спаборніцтваў у верхавой яздзе коні, якія выпалі беларусам па жараб’ёўцы, адмовіліся пераадольваць перашкоды.

Чэмпіянат свету па сучасным пяцібор’і завершыцца ў Каіры змешанай эстафетай. Зборную Беларусі прадставяць Ірына Прасянцова і Кірыл Касьянік, якія ў сакавіку бягучага года на другім этапе Кубка свету ў Егіпце заваявалі залатыя ўзнагароды.

belta.by