Наступны сезон Балтыйскай гандбольнай лігі пройдзе без беларускага клуба



Дырэктарат Балтыйскай гандбольнай лігі абвясціў, што з наступнага сезона ў турніры будуць удзельнічаць толькі каманды трох краін – Эстоніі, Латвіі і Літвы. „Гэта рашэнне прынята на сезон-2020/21 улічваючы ўсе аспекты правядзення турніру, а таксама сур’ёзнасць сітуацыі ў свеце датычна Covid-19. Мы з шкадаваннем паведамляем пра дадзенае рашэнне, але мы таксама хочам выказаць самую глыбокую ўдзячнасць камандам СКА-Менск і „Рыіхімякі”, – цытуе пасланне афіцыйны сайт СКА.

„Матор” Барыса Пухоўскага і Максіма Бабічава абвешчаны чэмпіёнам Украіны

Запарожскі „Матор”, за які выступаюць беларусы Барыс Пухоўскі і Максім Бабічаў, абвешчаны чэмпіёнам Украіны. Першынство афіцыйна датэрмінова завершана з-за пандэміі каронавіруса. На момант прыпынку чэмпіянату было згуляна 16 матчаў, у якіх „Матор” набраў 32 ачкі, што дазволіла яму ўзначальваць турнірную табліцу. Адпаведна, запарожская каманда была прызнаная пераможцам Суперлігі. Гэта чэмпіёнства стала для „Матора” восьмым запар і восьмым ў гісторыі.

Расейскі форвард Аляксей Закарлюкін заключыў кантракт з „Нёманам”

Гарадзенскі „Нёман” падпісаў гадавы кантракт з форвардам Аляксеем Закарлюкіным (1995 гн), – інфармуе hockey.by. Мінулы сезон гэты расеец правёў у ВХЛ, дзе паспеў пагуляць за дзве каманды – „Сарыарка” і „Рубін”. Усяго на рахунку нападніка 10 (6+4) ачкоў у 44 матчах.

19 траўня аднаўляецца футбольны чэмпіянат Эстоніі

19 траўня аднавіўся чэмпіянат Эстоніі па футболе. Сезон у вышэйшай лізе краіны стартаваў у сакавіку і павінен быў завяршыцца ў лістападзе. З-за пандэміі каронавіруса быў праведзены толькі адзін тур, пасля чаго чэмпіянат сышоў на перапынак. Зараз ён павінен завяршыцца ў снежні. Лік тураў скарочаны з 36 да 32. Эстонія стане трэцяй краінай Еўропы, дзе пасля паўзы адновіцца футбольны сезон. Раней гэта адбылося на Фарэрскіх выспах, а затым у Германіі. Першы месяц матчы эстонскага першынства будуць праходзіць без гледачоў, але з 1 ліпеня на трыбуны будуць пускаць да 1000 заўзятараў.

Цімур Дзібіраў і Глеб Калараш не пяройдуць у БГК імя Мяшкова

Расейскія гандбалісты Цімур Дзібіраў і Глеб Калараш працягнуць кар’еру ў „Вардары”, з якім працягнулі кантракт. Раней паведамлялася, што яны, а таксама лінейны Сяргей Гарпішын могуць папоўніць шэрагі БГК імя Мяшкова. У бліжэйшы час стане вядома, ці застанецца Гарпішын ў „Вардары”.

Беларускае радыё Рацыя