Немкі і нідэрландкі – суперніцы беларускіх гандбалістак у кваліфікацыі ЧЕ
У штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гандбола ў Вене прайшло лёсаванне адборавага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы па гандболе 2022 года. Гандбалісткі зборнай Беларусі выступяць у 3-й кваліфікацыйнай групе, дзе іх суперніцамі будуць каманды Нямеччыны і Нідэрландаў. Яшчэ адзін удзельнік гэтага квартэта вызначыцца пасля заканчэння турніру ў папярэдняй групе 2, у якой згуляюць зборныя Латвіі, Італіі, Босніі і Герцагавіны.
Хакеісты „Гомеля” выйшлі ў фінал плэй-оф чэмпіяната Беларусі
Хакеісты „Гомеля” ў авертайме перамаглі салігорскі „Шахцёр” з лікам 4:3 і выйшлі ў фінал плэй-оф чэмпіянату Беларусі. „Рысі” дамагліся такога выніку ўпершыню з 2009 года. На пятай хвіліне сустрэчы хакеісты з горада калійшчыкаў адкрылі лік дзякуючы Сяргею Станкевічу. Зрэшты, гамяльчане не здаліся і адказалі галявой атакай Уладзіслава Бойкі. У другім перыядзе „гарнякі” зноў змаглі засмуціць „рысяў”. Ігар Карабанаў першым паспеў за шайбай, якая апынулася на пятаку і не прамахнуўся. Зрэшты, зноў гаспадары лёду радаваліся нядоўга. Голам за „Гомель” адзначыўся Мікалай Сусла. У заключным перыядзе гамяльчане ўпершыню выйшлі наперад. Шайбу закінуў Аляксандр Скарэнаў. Салігорцы прыклалі намаганні, каб зраўняць лік, знялі брамніка і менш чым за хвіліну да фінальнай сірэны рэалізавалі большасць пасля выдалення Рамана Рачынскага за выкід шайбы. Вызначыўся Сяргей Багалейша. У авертайме „Шахцёр” спачатку вытрымаў націск каманды Сяргея Стася, але ў выніку быў вымушаны здацца пасля гола Міхаіла Кавалёва. Такім чынам „рысі” выйгралі серыю да чатырох перамог з лікам 4:1 і выйшлі ў фінал.
Вікторыя Азаранка без барацьбы выйшла ў 1/16 фіналу турніру ў Маямі
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў трэці раунд буйнога турніру катэгорыі WTA 1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У 1/32 фіналу беларуска, якая займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу, павінна была сустрэцца з нямецкай тэнісісткай Лаурай Зігемунд, у якой 59-я пазіцыя, але суперніца знялася з турніру з-за траўмы. У 1/16 фіналу Азаранка згуляе з пераможцай матчу паміж яшчэ адной прадстаўніцай Нямеччыны Анжалікай Кербер і мексіканкай Рэнатай Сарасуа.
Польшча і Вугоршчына падзялілі ачкі ў першым матчы адборавага турніру да чэмпіянату свету
У матчы 1-га тура кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату свету – 2022 зборная Вугоршчыны прымала нацыянальную каманду Польшчы на „Пушкаш Арэне» ў Будапешце. Матч завяршыўся ўнічыю. У першым тайме на 6-й хвіліне вызначыўся Роланд Шалаі. Пасля перапынку каманды забілі пяць мячоў: спачатку Адам Салаі забіў на 52-й хвіліне і павялічыў перавагу гаспадароў, затым палякі правялі дзве замены, якія апынуліся выніковымі. Праз хвіліну пасля выхаду на замену Кшыштаф Пёнтек адыграў адзін мяч зборнай Польшчы, а Каміль Юзвяк вызначыўся праз дзве хвіліны пасля замены. На 78-й хвіліне Вілі Орбан зноў вывеў наперад вугорцаў, а на 82-й Барташ Берэшынські асіставаў Роберту Левандоўскаму, які забіў апошні мяч у гэтай сустрэчы – 3:3. У паралельным матчы групы англічане разграмілі Сан-Марына з лікам 5: 0. Таксама адзначу нечаканую нічыю зборнай Іспаніі ў матчы з грэкамі 1:1. Футбалісты Балгарыі прайграла Швейцарыі 1:3. Каманда Ізраіля ў Тэль-Авіве саступіла зборнай Даніі 0:2. Зборная Нямеччыны, дзякуючы галам Гарэцкага, Хаверца і Гюндагана, абыграла каманду Ісландыі 3:0. Швецыя выйграла ў Грузіі 1:0. Італія ўпэўнена ўзяла верх над зборнай Паўночнай Ірландыі 2:0.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя