Незвычайная нічыя ў баскетболе



У баскетболе нічыі здараюцца скрайне рэдка. Усё таму, што звычайна пры такім зыходзе асноўнага часу гуляецца авертайм ці нават некалькі іх. Але некаторыя турніры дапускаюць такія варыянты. У прыватнасці кваліфікацыя да еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў. 

Менавіта ўнічыю завяршыўся матч „Цмокаў” з французскім „Нантэрам” у трэцім кваліфікацыйным раўндзе – 68:68. Паколькі дуэль складаецца з двух раўндаў, то і дадатковы час у такой сітуацыі не гуляецца.

Беларускі флагман праваліў першую чвэрць 15:24, аднак бліжэй да вялікага перапынку мабілізаваўся. На экватары паядынку табло высвечвала ўжо 34:37. А далей каманда Аляксандра Круцікава працягвала пагоню за супернікам і ўрэшце дагнала. На апошніх секундах „Цмокі” мелі атаку і маглі перамагчы, аднак апошнія дзеянні не былі ўдалымі.

Агульны лёс двубою будзе вырашаны ў панядзелак у Францыі. Але ў кожным разе менскі клуб ужо заслугоўвае добрых слоў.

Беларускае Радыё Рацыя