Новак Джокавіч у трох сэтах абыграў Роджэра Федэрэра
Другая ракетка свету серб Новак Джокавіч стаў першым фіналістам мужчынскага адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У першым паўфінальным паядынку з швейцарцам Роджэрам Федэрэрам (3-і нумар рэйтынгу АТР) серб перамог у трох сэтах – 7:6 (7:1), 6:4, 6:3. Супернік Новака Джокавіча стане вядомы 31 студзеня пасля матчу аўстрыйскага тэнісіста Дамініка Ціма (5) і прадстаўніка Германіі Аляксандра Зверава (7).
На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе вызначыліся фіналісткі ў жаночым адзіночным разрадзе. У першым паўфінале амерыканская тэнісістка Сафі Кенін, якая займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла ў двух сэтах першую ракетку планеты аўстралійку Эшлі Барці – 7:6 (8:6), 7:5. У другім паўфінальным матчы іспанка Гарбін Мугуруса (32-ы нумар рэйтынгу WTA) узяла верх над румынкай Сымон Халеп (3) – 7:6 (10:8), 7:5.
Лідзія Марозава і Марыя Санчэс прайгралі ў першым раўндзе турніру ў ЗША
Венгерска-французская пара Далма Галфі / Амандзін Эс перамагла беларуска-амерыканскі дуэт Лідзія Марозава / Марыя Санчэс ў матчы першага раўнду турніру ў ЗША – 6:3, 6:7 (4:7), 10:5.
Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова абыграла Жаклін Крысціян з Румыніі ў матчы 2-га круга турніру ў Францыі – 6:1, 6:2. 31 студзеня Гаварцова пазмагаецца з першай сеянай спаборніцтваў сербкай Нінай Стаянавіч (85 ВТА).
Андрэй Паўленка ўнесены ў спіс траўмаваных „Дынама” і прапусціць рэшту сезона КХЛ
19-гадовы нападнік менскага „Дынама” Андрэй Паўленка ўнесены ў спіс траўмаваных. Форвард прапусціць канчатак „рэгуляркі” КХЛ з-за пашкоджання, атрыманага ў матчы з „Северсталлю”. У гэтым сезоне Паўленка правёў 22 матчы ў КХЛ. „Зубры” пазбавіліся матэматычных шанцаў трапіць ў плэй-оф за 10 сустрэч да фінішу рэгулярнага чэмпіянату.
„Ліверпуль” не прайграе 41 матч у чэмпіянаце Англіі. Да рэкорду „Арсенала” 8 гульняў
У перанесеным матчы 18-га тура чэмпіянату Англіі „Ліверпуль” абыграў „Вэст Хэм” – 2:0. Каманда Юргена Клоппа прадоўжыла бяспройгрышную серыю ў АПЛ да 41 гульні. Па гэтым паказчыку „Ліверпуль” ужо абышоў „Чэлсі”, чыя серыя без паразаў у 2004-2005 гадах склала 40 гульняў. Па працягласці бяспройгрышнай серыі ў чэмпіянаце Англіі мерсісайдцаў апярэджваюць толькі „Нотынгем Форэст” (42 гульні) і „Арсенал”, які не прайграваў 49 матчаў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя