Новым галоўным трэнерам яраслаўскага «Лакаматыва» стаў беларус



Новым галоўным трэнерам яраслаўскага «Лакаматыва» стаў беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка, паведамляе афіцыйны твітэр клуба. Кантракт заключаны на тры гады. Раней Андрэй Скабелка працаваў у КХЛ галоўным трэнерам «Сібіры», «Авангарда» і «Барыса». Напярэдадні Скабелка пакінуў казахстанскі клуб, так як яго не задавальняла сумяшчэнне пасад у клубе і зборнай.

Футбалісты БАТЭ падняліся на 3-е месца ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты барысаўскага БАТЭ перамаглі гарадзенскі „Нёман” і падняліся на 3-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Пачатак гульні на полі „Барысаў-Арэны” гаспадары правялі вельмі магутна і двойчы дамагліся поспеху. На 12-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў Боян Дубаіч, а яшчэ праз 5 хвілін Ігар Стасевіч з пенальці падвоіў лік. Прапусціўшы два мячы, падначаленыя Ігара Кавалевіча не склалі рукі і на 31-й хвіліне сустрэчы Гегам Кадзімян скараціў разрыў да мінімуму. Пасля перапынку барысаўчане яшчэ раз засмуцілі гасцей – на 70-й хвіліне вынік усталяваў Павел Няхайчык 3:1. Футбалісты берасцейскага „Дынама” разграмілі ў Бабруйску мясцовую „Белшыну” з лікам 3:0. У першым тайме абаронца гаспадароў Уладзіслаў Ясюкевіч зрэзаў мяч у сваю браму, а пасля перапынку Міхаіл Гардзяйчук і Дзяніс Лапцеў яшчэ двойчы засмуцілі брамніка гаспадароў.  У іншых матчах дня футбалісты „Віцебска” прайгралі мазырскай „Славіі” з лікам 2:3. Дзякуючы дублю Віталя Лісаковіча салігорскі «Шахцёр» разграміў «Іслач» 4:0.

Чэмпіянат Англіі могуць дагуляць ў Аўстраліі

Чэмпіянат Англіі, спынены з-за пандэміі каранавіруса, могуць дагуляць у Аўстраліі. Турнір быў прыпынены 13 сакавіка, 92 матчы турніру адкладзеныя на нявызначаны тэрмін. Клубы лігі правялі нараду, на якой дамовіліся дагуляць чэмпіянат, калі атрымаюць дазвол на гэта ад урада краіны. Зараз у краіне выяўлена больш за 180 тысяч выпадкаў заражэння каранавірусам, а ў Аўстраліі – менш за 7 тысяч.

Камандны Чэмпіянат свету па спартовай хадзе ў Менску перанесены на 2022 год

Камандны чэмпіянат свету па спартовай хадзе ў Менску перанесены на красавік 2022 года. Сусветны форум у Менску павінен быў прайсці 2-3 траўня. Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі было прынята рашэнне перанесці спаборніцтвы. Паводле інфармацыі прэс-службы, гэта звязана з нявызначанасцю сітуацыі, выкліканай распаўсюдам каронавіруса. Рашэнне аб правядзенні дадзеных спаборніцтваў у красавіку 2022 года прынята на онлайн-канферэнцыі Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі з Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыяй.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя