Новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі можа стаць замежны спецыяліст



Новы галоўны трэнер зборнай Беларусі будзе назначаны ў бліжэйшы час. Як паведамляе тэлеграм-канал газеты «Прессбол», найхучэй, гэта будзе замежны спецыяліст. Напярэдадні пасаду галоўнага трэнера пакінуў Георгій Кандрацьеў.

Пры Кандрацьеве і яго трэнерскім штабе зборная Беларусі не магла выйграць 15 афіцыйных матчаў запар, з-за чаго паўтарыла сваю рэкордную серыю (16 такіх матчаў без перамог). На чале каманды ў Кандрацьева толькі 2 перамогі ў 27 афіцыйных матчах.

Бразільскі паўабаронца знаходзіцца на праглядзе ў берасцейскім «Дынама»

26-гадовы бразільскі паўабаронца Фэліпэ Паім знаходзіцца на праглядзе ў берасцейскім «Дынама». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал газеты «Прессбол». Апошнім клубам паўднёваамерыканскага футбаліста быў «Гарэджы» з другога грузінскага дывізіёна. У мінулым сезоне футбаліст правёў 15 матчаў, забіў 3 мячы і аддаў 1 галявую перадачу.

«МЮ» і «Чэлсі» канчаткова дамовіліся пра трансфер Маунта

«Манчэстэр Юнайтэд» і «Чэлсі» дасягнулі канчатковай згоды па трансферы паўабаронцы Мэйсана Маўнта, гэтую інфармацыю пацвярджаюць журналіст The Athletic Дэвід Арнштэйн і інсайдар Фабрыцыа Рамана. Сума складзе 60 мільёнаў фунтаў – 55 гарантаваных выплат і 5 бонусаў. 24-гадоваму англічаніну ўжо дазволілі прайсці медагляд у новым клубе. Для зацвярджэння засталося толькі падпісаць усе дакументы, бо аб асабістых умовах Маунт дамовіўся з «МЮ» яшчэ раней. У мінулым сезоне на рахунку Мэйсана было 3 галы і 2 асісты ў 24 матчах.

Яна Каладынска прабілася ў чвэрцьфінал турніру ІТФ у Санта-Дамінга

У паядынку 1/8 фіналу беларуская тэнісістка у трох сэтах перайграла іспанку Ноэлію Заноці  з лікам 4:6, 7:5, 6:3. Каладынска згуляе за выхад у паўфінал з пераможцай супрацьстаяння аргенцінкі Саланы Сьеры і прадстаўніцы Нідэрландаў Лексі Стывенс.

Упершыню ў гісторыі на драфце НХЛ выбралі 5 хакеістаў з Беларусі

Праходзіць другі дзень драфта НХЛ. На ім ужо абралі 5 беларускіх хакеістаў. Раней выбіралі максімум трох. У чацвер выбраны Ягор Сідараў (85-ы пік, «Анахайм»), Вадзім Мароз (88-ы, «Арызона»), Андрэй Лашко (116-ы, «Сіэтл»), Данііл Карповіч (186-ы, «Нью- Джэрсі»), а таксама Сцяпан Звягін (198-ы, «Фларыда»).

У 2004 годзе былі абраныя трое Міхаіл Грабоўскі, Сяргей Коласаў і Сяргей Кукушкін. У 2021 годзе: Даніла Клімовіч, Аляксей Коласаў, і Дзмітрый Кузьмін.

Аднавіўся гандбольны клуб „Віцязь”, які ў 2020-м выбраў бок народу

Пра сваё вяртанне на гандбольную пляцоўку заявіў клуб „Віцязь”. У 2020-м клуб фактычна быў вымушаны спыніць існаванне, бо ягоныя кіраўнікі і гульцы сталі на бок народу падчас масавых пратэстаў.  „На гэты момант вядзем перамовы з афіцыйнымі прадстаўнікамі Федэрацыі гандбола Літвы і Літоўскай гандбольнай лігай аб тым, каб наш клуб дапусцілі да ўдзелу ў чэмпіянаце Літвы па гандболе”, — паведамляе клуб у сваіх сацсетках. „Віцязь” выказаў шчырую падзяку верным заўзятарам, якія падтрымлівалі клуб падчас яго часовай адсутнасці. Таксама гандбалісты падзякавалі ўсім спонсарам і партнёрам, з якімі клуб супрацоўнічаў у мінулым, і выказаў зацікаўленасць ва ўваемавыгадным супрацоўніцтве з новымі.

Беларускае Радыё Рацыя