Няхайчык паведаміў Мархелю пра завяршэнне выступу ў зборнай



Паўабаронца БАТЭ Павел Няхайчык прыняў рашэнне завяршыць кар’еру ў зборнай Беларусі, пра што распавёў галоўнаму трэнеру каманды Міхаілу Мархелю.

Пра гэта паведаміў тэлеканал „Беларусь 5” у сюжэце праграмы „На грані фолу”. Па-за абоймы засталіся тры сістэмаўтваральныя гульцы. Мартыновіч узяў самаадвод, паколькі ў 33 гады атрымаў каласальную нагрузку. Яго „Краснадар” выйшаў у групу Лігі чэмпіёнаў, і зараз ветэран праводзіць па два матчы ў тыдзень. Абаронца папрасіў не прыцягваць яго ў зборную. Аналагічна паступіў і Станіслаў Драгун, які вырашыў засяродзіцца на клубных справах у канцоўцы сезона. Таксама па-за абоймы і Павел Няхайчык, які апавясціў трэнера ў асабістай гутарцы аб тым, што завяршыў выступы ў зборнай. Кавалёў і Грамыка захварэлі каронавірусом, – перадае tribuna.com. Абаронца „Іслачы” Сяргей Карповіч і нападнік „Тарпеда” -БелАЗа Дзмітрый Анцілеўскі выкліканыя ў зборную Беларусі ў сувязі з кадравымі стратамі.

У Румынію, дзе зборнай Беларусі заўтра гуляць таварыскі матч з гаспадарамі, Анцілеўскі і Карповіч не паляцелі. Абодва рыхтуюцца да апошніх паядынкаў у Лізе нацый – з літоўцамі дома (15 лістапада) і з албанцамі ў гасцях (18 лістапада).

Скавыш прызнаны лепшым гульцом, Кавальчук – лепшым трэнерам футбольнага чэмпіянату Беларусі ў кастрычніку

Форвард барысаўскага БАТЭ Максім Скавыш прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Беларусі па футболе ў кастрычніку. Такі вынік традыцыйнага штомесячнага галасавання журналістаў вядучых беларускіх СМІ, якое праводзіць Беларуская федэрацыя футбола. У двух кастрычніцкіх матчах 30-гадовы напанік барысаўчанаў забіў чатыры мячы. Пасля 28 тураў сёлетняга першынства Максім Скавыш ўзначальвае спіс лепшых бамбардзіраў, забіўшы 17 мячоў. Сярод трэнераў лепшым у кастрычніку стаў настаўнік берасцейскага „Дынама” Сяргей Кавальчук. У кастрычніку яго падначаленыя святкавалі чатыры перамогі і адзін раз згулялі ўнічыю.

Вяртанне Кучука ў „Рух” адкладаецца

Нягледзячы на няўдалы выступ львоўскага „Руху” ў чэмпіянаце Украіны, у бліжэйшы час мяняць галоўнага трэнера клуб не плануе, – паведамляе Meta-ratings.com.ua. Раней у прэсе з’явіліся паведамленні пра тое, што львоўскі клуб вядзе працу па вяртанні на пасаду галоўнага трэнера Леаніда Кучука, які раней ужо ўзначальваў „Рух”. Аднак, як стала вядома, крэдыт даверу ў клубнага кіраўніцтва „Руху” да цяперашняга галоўнага трэнера Івана Федыка не вычарпаны. Пасля паядынку дзявятага тура з „Інгульцом” трэнер сустракаўся з прэзідэнтам „Руху” Рыгорам Казлоўскім, але аб адстаўцы размова не ішла.

Два паядынкі з удзелам валейбалістак „Мінчанкі” перанесены

Яшчэ два паядынкі з удзелам валейбалістак „Мінчанкі”, запланаваныя ў беларускай сталіцы 11 і 14 лістапада, перанесены, паведамілі ў прэс-службе клуба. „На жаль, на гэтым тыдні застаемся без хатніх матчаў” Мінчанкі „. У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі менскія сустрэчы з вугорскай „Ньірэдзьхазай” і „Уралачкай”-НТМК не адбудуцца па заявах гэтых каманд”, – гаворыцца ў паведамленні.

У „Гараднічанцы” адбылася трэнерская ракіроўка

Кіраўніцтва „Гараднічанкі” абвясціла аб ракіроўцы ў трэнерскім штабе: галоўным трэнерам жаночай каманды прызначаны Сяргей Камбур, а Алена Гусева стала яго памочнікам. „Такое рашэнне звязана з тым, што ў апошні час каманда няўдала выступала ў гульнях чэмпіянату. Спадзяюся, гэтая перастаноўка страсяне гульцоў, а досвед Сяргея Камбура дазволіць вярнуць упэўненасць ва ўласных сілах і выканаць пастаўленыя задачы на сезон”, – цытуе старшыню клуба Рамана Півеню група „Гараднічанкі” Укантакце.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belnaviny.by