Нямецкі Лёў ці Сабельязубы тыгр Аргенціны?



Сёння на чэмпіянаце свету па футболе заключны фінальны матч за золата. На легендарным стадыёне “Маракана” у славутым Рыо-дэ-Жанэйра сустрэнуцца прадстаўнікі дзвюх знакамітых футбольных школаў – каманды Нямеччыны і Аргенціны. Фаварытамі, зважаючы на ранейшую гульню лічацца немцы, але і ў аргенцінцаў маюцца важкія козыры. Што датычыць гістарычных рахункаў, то дружыны гэтых краін сустракаліся паміж сабой 20 разоў. У агульным балансе наперадзе лацінамоўная зборная – 9 перамог, 6 паразаў і 5 нічыіх. Але калі браць спабор на мундыялях, то перавага на баку Германіі. Прыгадаем зараз усе гэтыя сустрэчы. У далёкім 1958-ым у Швецыі на стадыі групавога турніру немцы выйгралі 3:1. У 1966-ым у Англіі было 0:0. Наступнае спатканне ўвайшло ў сусветную класіку – у фінале мексіканскага мундыялю 1986-га году вікторыю на чале з Дыегам Марадонам святкавала Аргенціна – 3:2. Праз чатыры гады ў Італіі таксама ў памятным вырашальным матчы еўрапейцы ўзялі рэванш – 1:0 і сталі чэмпіёнамі. Гэта было пакуль апошняе золата Германіі на мундыялях. Наступнае рандэву адбылося ў 2006-ым у чвэрцьфінале якраз на полі Нямеччыны, якая зноў была крыху мацнейшай – 1:1 у асноўны час і 4:2 па пенальці. І ўрэшце ў Паўднёвай Афрыцы ў 2010-ым таксама ў чвэрцьфінале быў форменны разгром аргенцінцаў – 4:0. Так што ў “альбіселестэ” старыя даўгі перад сваімі заўзятарамі.

Найбольшае пытанне – ці здолеюць еўрапейцы ўпершыню ў гісторыі выйграць золата на амерыканскім кантыненце. А аргенцінцы параўняць агульны лік па колькасці чэмпіёнскіх тытулаў: пакуль наперадзе Стары свет – 10:9. Што датычыць складаў супернікаў, то нямецкая машына падышла да фіналу ў поўнай гатовасці, усе механізмы бундэстым бездакорна змазаны і ўзорна функцыянуюць. Немцы забілі ў шасці сустрэчах турніру 17 галоў, а прапусцілі толькі 4. У “сярэбранай” краіны паказнікі куды больш сціплыя – 8:3. Аднак, калі адкінуць анамальны паўфінальны матч “маншафт” з Бразіліяй, то лічбы будуць блізкімі. Да таго ж Аргенціна, хоць і мінімальна, але выйграла ўсе 6 паядынкаў, а ў “тэўтонскага ордэну” быў адзін збой, калі немцы адыгрываліся з Ганай і завяршылі тую бітву мірам – 2:2. Што да выбараў асновы, то тут застаецца толькі па адным пытанні – каго з форвардаў выпусціць у старце Яўхім Лёў – Міраслава Клозэ ці Андрэ Шурле, а можа на пачатку абыдзецца без абодвух, а можа рызыкне паставіць на Лукаша Падольскага ці Марыё Гётцэ. У “альбіселестэ” такога шырокага выбару няма, асноўная стаўка Алехандра Сабельі фактычна вядомая і незразумеласць датычыць толькі адной фігуры – ці паспеў аднавіцца да вырашальнага матчу пасля непрыемнай траўмы незаменны Анхель Дзі Марыя. Яго брак востра адчуваўся ў паўфінальнай баталіі аргенцінцаў з Нідэрляндамі. Абарона Аргенціны гатовая да нейтралізацыі камандавых дзеянняў немцаў, а вось Ліанэля Месі з іншага боку мажліва будуць трымаць персанальна. Інтрыгі дадае і той факт, што Месі і Томас Мюлер прэтэндуюць на тытул мацнейшага гульца першынства. Цікавая і роля брамнікаў Серхіё Рамэра і Мануэля Нойера, якія таксама вядуць завочны спабор у намінацыі “лепшая пальчатка” мундыялю.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя