Нязменны бар’ер для Мексікі
Неадольны бар’ер
Зборная Мексікі на мундыялі зноў не змагла адолець бар’ер 1/8-й фіналу – ужо шосты раз запар (!). У сустрэчы з дзейсным віцэ-чэмпіёнам свету Нідэрляндамі мексіканцы былі наперадзе 1:0, але ў самай канцоўцы прапусцілі два галы – выніковыя 1:2.
Сустрэча пакінула сапраўды дваістае ўражанне – спярша выразная перавага лаціносаў, якія носяць тытул алімпійскіх чэмпіёнаў, кантроль сітуацыі з іхнага боку, потым кардынальны пералом еўрапейцаў. Калі на 48-й хвіліне Джавані Сантас выдатным стрэлам прымусіў капітуляваць абарону аранжавых і брамніка Яспера Сілесена, які ўсё ж не ван дэр Сар, многія паспяшаліся пахаваць каманду Луі ван Гала. У галяндцаў сапраўды мала што атрымлівалася дагэтуль – абаронцы раз-пораз памыляліся, у атацы блякла глядзеўся на гэты раз Робін ван Персі, а Дзірк Каўт, які праводзіў 100-ы матч за “аранье” зусім не прынёс вастрыні. Аднак, іншага меркавання быў Ар’ен Робэн, які сваімі дзёрзкімі рэйдамі не даваў спакою “ацтэкам”. І на гэты раз халодны разлік стратэга ван Гала ўзяў верх над экспрэсіяй трэнера Мігеля Эрэры. Замена інертнага ван Персі на Класа-Яна Хунтэлара дала свой плён. Некалькі разоў мексіканцаў ратаваў галкіпер Гільерма Ачоа, які адбіваў мяч нагамі, тварам, практычна ўсімі часткамі цела, на баку паўночнаамерыканцаў раз выступіла штанга. І ўсё ж штурм аранжавых завяршыўся лагічна – на 88-й хвіліне Хунтэлар (на фота) зрабіў перадачу на Уэслі Снайдэра і той прабіў хвостка і бездакорна. Гэта быў 6-ы гол хаўбека Нідэрляндаў на мундыялях. І амаль услед Робэн зарабіў пенальці – “Паляўнічы”-Хунтэлар бязлітасна выканаў карны прысуд.
1/8-я фіналу. Нідэрлянды – Мексіка – 2:1. Галы: Уэслі Снайдэр, 88, Клас-Ян Хунтэлар, 94, з пенальці; Джавані дос Сантас, 48.
Лепшыя гульцы сустрэчы Ар’ен Робэн і Гільерма Ачоа.
Драма Грэцыі
Першы тайм змагання костарыканцаў і грэкаў не прынёс эстэтычнага задавальнення. Каманда калумбійскага трэнера Хорхе Пінта зладжана выконвае штучны афсайд – грэкі ж раз-пораз траплялі ў гэтую немудрагелістую пастку, але скарэктаваць свае калектыўныя дзеянні не маглі. І ўсё ж Дзімітрыс Сальпінгідзіс ледзь не дамогся поспеху, але сэйв нагамі здзейсніў брамнік Кейлар Навас. Лік пасля перапынку адкрыў нападнік костарыканцаў Браян Руіс (15-ы гол за зборную), які скарыстаўся здранцвеннем элінскай абароны. Як сказаў бы адзін кінагерой: па простасці гэта нагадвала антычнасць. Істотная змена сюжэту адбылася на 66-й хвіліне, калі за другую жоўтую картку быў выдалены бек паўночнікаў Оскар Дуартэ. Грэкі ўзяліся за метадычную аблогу форту Коста-Рыкі. Ужо ў даданы час Сакраціс Папастатопулас параўняў лічбы на табло – 1:1. І амаль адразу Костас Мітраглу галавой мог прынесці футбольнае шчасце ў дамы і на вуліцы Грэцыі – аднак злым дэманам зноў выступіў Навас. У дадатковыя таймы грэкі мелі вялізную перавагу, але так і не здолелі ўвасобіць свае аргументы ў гол. А ў серыі пенальці Навас адбіў удар Тэафаніса Гекаса і выйгралі костарыканцы – 5:3. Грэкі ж, якія высакародна адмовіліся ад прэміяльных грошай, з высока ўзнятай галавой вяртаюцца на радзіму.
1/8-я фіналу. Коста-Рыка – Грэцыя – 1:1, па пенальці – 5:3. Галы: Браян Руіс, 52; Сакраціс Папастатопулас, 91. Пенальці забілі: Сельса Борхес, Браян Руіс, Джанкарла Гансалес, Джоэл Кэмпбэл, Майкл Уманья; Костас Мітраглу, Лазарас Хрыстадулопулас, Хасэ Халебас. Не забіў Тэафаніс Гекас.
Лепшыя гульцы сустрэчы Кейлар Навас і Хасэ Халебас.
У чвэрцьфінале сустрэнуцца Нідэрлянды і Коста-Рыка.
Сёння на чэмпіянаце чарговыя два матчы 1/8-й фіналу. Еўрапейскія дружыны, якія выглядаюць на выразных фаварытаў, будуць экзаменаваць афрыканскія каманды. Першымі на поле сталіцы Бразіліі выйдуць каманды Францыі і Нігерыі. На мундыялях яны раней не сустракаліся, а ў адзіным таварыскім спатканні перамаглі нігерыйцы. У трохкаляровых не праглядаецца ніякіх праблем – зборная Дзідзе Дэшама выдатна падрыхтаваная фізічна і мае доўгую лаўку рэзервовых. Нігерыя ж – ці не сама маладая каманда першынства, у гульцоў якой можа закруціцца галава ад вышыні, якой яны ўжо дасягнулі.
У пазнейшым матчы ў горадзе Порту-Алегры зыдуцца Германія і Алжыр. Заўзятары сас тажам напэўна памятаюць як на гішпанскім мундыялі 1982-га году на стадыі групавога турніру сенсацыйна перамаглі магрыбцы – 2:1. А ў складзе немцаў тады былі такія асы як Карл-Хайнц Руменіге, П’ер Літбарскі, Хорст Хрубеш, Харальд Шумахер, Пауль Брайтнэр ды іншыя. Цікава, каго ў паядынку з “лісамі пустыні” трэнер “бундэстым” Яўхім Лёў выправіць у атаку – аднаго Томаса Мюлера ці можа ў пары з Андрэ Шурле, маючы ў запасе казырнага караля Міраслава Клозэ.
Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя