«Нёман» абыграў «Магілёў» у экстралізе
У чарговым матчы чэмпіянату Беларусі ў экстралізе „А” гарадзенскі „Нёман” з цяжкасцю адолеў „Магілёў” — 4:3. Вырашальную шайбу закінуў Аляксандр Маляўка.
У экстралізе „Б” маладзёжная зборная Беларусі да 20 гадоў абыграла «Віцебск» – 3:1, а маладзёжка да 18-ці гадоў прайграла ў серыі булітаў «Хіміку». Асноўны і даданы час матчу скончыліся без закінутых шайбаў.
«Юнацтва» ўзмацніцца гульцамі «Дынама»
Двухразовы пераможца Кантынентальнага кубка „Юнацтва-Мінск” дазаявіць на матчы Лігі чэмпіёнаў нападнікаў сталічнага „Дынама”. Шэрагі каманды Аляксандра Макрыцкага папоўнілі нападнікі Арцём Аносаў, Міхаіл Стэфановіч і Іван Драздоў. Яны закліканы дапамагчы фарм-клубу „зуброў” у паядынках Лігі чэмпіёнаў супраць фінскіх „Пеліканс”, якія пройдуць 9 і 15 кастрычніка адпаведна.
Пасля чатырох тураў Лігі чэмпіёнаў хакеісты „Юнацтва” з пяццю ачкамі займаюць чацвёртае месца ў групе D, адстаючы на тры ачкі ад лідыруючай „Лазаны”.
Дзевятоўскі задаволены выступамі беларускіх атлетаў у Катары
Кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі высока ацаніў вынікі выступаў зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы на чэмпіянаце свету ў Досе. У Катары наша каманда не заваявала ніводнага медаля, але па ачках за трапленне ў фінальныя васьмёркі заняла 15-е месца.
„Вельмі важна аб’ектыўна разумець, што адбылося ў Досе. У адносінах да мінулага года робім крок наперад, прычым прыстойны. І гэта самая галоўная выснова ў канцы сезону. Каласальная і прынцыповая розніца паміж двума сезонамі заключаецца ў тым, што ў сезоне 2018 мы мэтанакіравана і засяроджана рыхтаваліся да чэмпіянату Еўропы ў Берліне ў адрозненне ад падрыхтоўкі да сёлетняга чэмпіяната свету.
Лідары, якія маглі патэнцыйна браць медалі на чэмпіянаце свету ў Катары падышлі фізічна вельмі стомленымі, асабліва эмацыйна і псіхалагічна, адзначыў Дзевятоўскі і спрагназаваў, што беларускія атлеты выступяць лепш на алімпіядзе ў Токіо.
Кракаў гатовы прыняць Еўрапейскія гульні
Улады Кракава і Малапольскага ваяводства Польшчы падпісалі ліст пра намер афіцыйна пацвердзіць сваё сумеснае супрацоўніцтва ў арганізацыі III Еўрапейскіх гульняў у 2023 годзе, інфармуе eurolympic.org.
Раней прэзідэнт горада заяўляў, што Кракаў, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад Еўрапейскіх гульняў з-за адсутнасці фінансавання. Першыя Еўрапейскія гульні, нагадаем, прайшлі ў 2015 годзе ў Баку, а другія – у 2019 годзе ў Менску.
Спалеці ўзначаліць «Мілан»
Былы трэнер „Інтэра” Лучана Спалеці пагадзіўся ўзначаліць „Мілан”. Бакі дасягнулі прынцыповай дамоўленасці, паведамляе Sky Italia. Зараз „Расанеры” трэба дамовіцца з „Інтэрам”. У Спалеці да гэтага часу ёсць кантракт з „нерадзуры”, разлічаны да лета 2021 года. Паводле пагаднення, італьянец атрымлівае каля 5 мільёнаў еўра ў год, і для яго скасавання „Інтэру” трэба выплаціць няўстойку. У выпадку паспяховых перамоў Спалеці падпіша трохгадовы кантракт з „Міланам”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ХК „Нёман