„Нёман” адолеў на выездзе „Слуцк”



Гарадзенскі „Нёман” працягнуў пераможную серыю ў матчах футбольнага чэмпіянату Беларусі. Сваю пятую вікторыю запар падначаленыя Ігара Кавалевіча святкавалі напярэдадні ў гасцях у „Слуцка” – 1:0. Пераможны гол на 30-й хвіліне гульні забіў Павел Забелін. Дзякуючы гэтай перамозе „Нёман” узняўся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы. Таксама мазырская „Славія” перайграла на сваім полі „Смалявічы” з лікам 2:1. Яшчэ тры сустрэчы пройдуць сёння: „Іслач”  будзе прымаць жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, берасцейскае „Дынама” сустрэнецца з „Гарадзеяй”, сталічнае „Дынама” пазмагаецца з „Энергетыкам-БДУ”. Лідар першынства барысаўскі БАТЭ заўтра згуляе ў Бабруйску з мясцовай „Белшынай”, якая займае апошняе месца.

Лепшы бамбардзір „Смалявічаў” пяройдзе ў іншы клуб чэмпіянату Беларусі

Хаўбек Яўген Барсукоў у бліжэйшы час пакіне „Смалявічы”. Як распавёў рулявы каманды Аляксандр Бразевіч, футбаліст пяройдзе ў іншы клуб чэмпіянату Беларусі. „Жэня Барсукоў сыходзіць. У адну з каманд чэмпіянату Беларусі. Ведаеце ў якую? Потым скажу, не для прэсы, – адзначыў Бразевіч. Барсукоў ў гэтым сезоне з’яўляецца лепшым бамбардзірам „Смалявічаў”, на яго рахунку тры мяча ў 11 матчах.

„Тотэнхэм” не ўтрымаў перамогу над „Манчэстар Юнайтэд”

„Тотэнхэм” згуляў унічыю з „Манчэстар Юнайтэд” у хатнім матчы 30-га тура чэмпіянату Англіі – 1:1. На гол Берхвейна на 27-й хвіліне гульні голам з пенальці на 81-й хвіліне адказаў Бруна Фэрнандэш. „Барселона” згуляла ўнічыю з „Севільяй” ў выязным матчы 30-га тура чэмпіянату Іспаніі – 0:0. Каталонцы, якія лідыруюць у „Прымеры”, апярэджваюць мадрыдскі „Рэал” на тры ачкі, у „сметанковых» ёсць яшчэ гульня ў запасе.

Мікалай Сусла змяніў „Нёман” на „Гомель”

Беларускі форвард Мікалай Сусла вярнуўся ў „Гомель”. У мінулым сезоне ён выступаў за гарадзенскі „Нёман”, з якім заваяваў бронзу чэмпіянату Беларусі ў экстралізе. Форвард правёў 51 матч за „чырвона-чорных” у рэгулярным першынстве, у якіх набраў 22 (10 + 12) ачкі пры паказчыку карыснасці +7. У 8 матчах плэй-оф на яго рахунку 2 (1 + 1) выніковыя балы, – адзначае прэс-служба „Гомеля”.

БГК імя Мяшкова трапіў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў

Еўрапейская гандбольная федэрацыя (ЕГФ) вызначыла ўсе каманды, якія выступяць на групавым этапе новага сезону Лігі чэмпіёнаў.

У лік 16 удзельнікаў асноўнага этапу галоўнага кантынентальнага клубнага турніру увайшоў і чэмпіён Беларусі Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова. Акрамя берасцейцаў там выступяць два прадстаўнікі нямецкай бундэслігі „Кіль” і „Фленсбург”, а таксама іспанская „Барселона”, дацкі „Ольбарг”, вугорскія „Веспрэм” і „Пік”, харвацкі „Заграб”, французскія „Пары Сэн-Жэрмэн” і „Нант”, нарвежскі „Эльверум”, славенскі „Цэле”, партугальская „Порту”, паўночнамакедонскі „Вардар” са Скоп’е, польскі” Вівэ” з Кельцэ, у якім гуляюць беларускія гандбалісты Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш, і ўкраінскі „Матор” з Запарожжа з беларусамі Барысам Пухоўскім, Максімам Бабічавым, Іванам Марозам і Вячаславам Боханам у складзе. Лёсаванне групавога этапу новага сезону гандбольнай Лігі чэмпіёнаў пройдзе 1 ліпеня ў Вене.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя