„Нёман” дамогся валявой перамогі ў матчы са „Смаргонню”



Госці першымі прапусцілі ў Смаргоні ў сустрэчы 23-га тура вышэйшай лігі, аднак яшчэ да перапынку здолелі адыграць два мячы. У другой палове Алег Еўдакімаў, забіўшы трэці мяч, зняў пытанне аб пераможцы – 3:1. „Нёман” з 48 ачкамі ідзе другім у табліцы, адстаючы ад менскага „Дынама” на тры балы, у „Смаргоні” 18 ачкоў і 11-я пазіцыя. Футбалісты „Іслачы” з Мінскага раёна ў Маладэчне разышліся мірам са „Слуцкам” – 0:0. Салігорскі «Шахцёр» згуляў унічыю з берасцейскім «Дынама» 3:3. Цяпер у актыве «Шахцёра» 0 балаў. Каманда займае перадапошняе месца ў табліцы. Нагадаю, 11 траўня КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў мінулым чэмпіянаце Беларусі кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дамоўныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, а «Энергетык-БДУ» – срэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы.

„Легію” спынілі ў Беластоку!

У польскай футбольнай экстракласе больш няма непераможнай каманды. У нядзелю вечарам «Ягелонія» з Беластока перамагла варшаўскую «Легію». Для каманды Адрыяна Семенца гэта пятая хатняя перамога ў сезоне. «Ягелонія» дамінавала ў першым тайме, забіла два галы дзякуючы дакладным ударам Хасэ Наранха і Хесуса Імаза, а пасля перапынку вельмі дысцыплінавана абаранялася і давяла справу да перамогі з лікам 2:0.

Баскетбалісты „Мінска” з паразы пачалі новы сезон Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты „Мінска” няўдала пачалі новы сезон Адзінай лігі ВТБ. На пляцоўцы сталічнага Falcon Club падначаленыя Расціслава Вергуна саступілі гасцям з клуба „Пары Ніжні Ноўгарад” з лікам 60:89. Свой наступны паядынак мінчане правядуць 8 кастрычніка ў Краснаярску супраць мясцовага „Енісея”.

Валейбалісты „Шахцёра” выйшлі ў адну восьмую фіналу Кубка Расеі

Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” пераадолелі першы раунд плэй-оф мужчынскага Кубка Расіі па валейболу. На стадыі 1/16 фіналу турніру „гарнякі” супернічалі з „Яраславічам”. Першая сустрэча каманд у серыі да дзвюх перамог прайшла ў Яраслаўлі 28 верасня і скончылася вікторыяй салігарчан з лікам 3:2. Другі паядынак адбыўся ў нядзелю ў Маладзечне. У дзвюх стартавых партыях мацней былі беларускія валейбалісты 25:21 і 25:22, у трэцім сэце таксама былі блізкія да поспеху і нават мелі тры матчболы, але ўсё ж саступілі 28:30. У чацвёртым адрэзку гульні такіх памылак „Шахцёр” не дапусціў і ў выніку адсвяткаваў перамогу – 25:17 і 3:1 па сэтах.

Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Пекіне

Лідэр сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка выйшла ў другі раунд турніру катэгорыі WTA-1000 у Пекіне з прызавым фондам 8 мільёнаў 100 тысяч даляраў. У паядынку 1/32 фіналу Сабаленка перамагла прадстаўніцу ЗША 31-ы нумар сусветнага рэйтынгу Сафію Кенін – 6:1, 6:2.

Менскае «Дынама» абмяняла Боўі на Хэмілтана ў «Трактар»

Менскае «Дынама» і «Трактар» зрабілі абмен. У склад менскай каманды перайшоў абаронца Роберт Хэмілтан. У Чалябінск адправіўся гулец абароны – Мэдысан Боўі. Хэмілтан у гэтым сезоне правёў 9 матчаў, у якіх набраў 1 (0+1) бал. Усяго ў КХЛ: 41 гульня, 19 (3+16) балаў і «+2» карыснасці.

Чацвёра беларускіх плыўцоў атрымалі нейтральны статус для выступаў на міжнародных стартах

Чатыры беларускія плыўцы атрымалі нейтральны статус для ўдзелу ў спаборніцтвах Міжнароднай федэрацыі плавання (World Aquatics), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт „Матч ТБ”. Нейтральны статус атрымалі наймацнейшыя беларускія плыўцы: рэкардсмен свету на стомятроўцы брасам на кароткай вадзе Ілля Шымановіч, а таксама лідэры жаночай нацыянальнай каманды, якія не раз уздымаліся на подыумы буйных міжнародных стартаў, – Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Акрамя таго, у спіс дапушчаных увайшоў трэнер Андрэй Ліпніцкі.

Беларускае Радыё Рацыя