„Нёман” датэрмінова выйграў Кантынентальны кубак!



Хакейны гарадзенскі “Нёман” у нямецкім горадзе Брэмерхафэн датэрмінова заваяваў Кантынентальны кубак. У сваім другім матчы Суперфіналу ён сустракаўся з нямецкім клубам “Фіштаўн Пінгвінз” і ўпэўнена перамог гаспадароў лёду – 6:2.

У першым перыядзе нёманцы закінулі дзве шайбы: на 3-й хвіліне вызначыўся ветэран каманды Аляксей Лісічкін, а на 15-й Канстанцін Ластавецкі рэалізаваў колькасную большасць. У абодвух выпадках асістэнтам выступіў капітан гарадзенцаў Андрэй Коршунаў.

У другім перыядзе дублем стрэліў чэшскі легіянер “Нёману” Яраслаў Крыстэк. На гэта “пінгвіны” адказалі ў большасці голам амерыканца Ціма Мілера. Потым сваю шайбу пасля трох выніковых пасоў закінуў Коршунаў. На апошні перапынак клубы пайшлі пры ліку 5:1.

У апошняй траціне матчу чэх Ян Капецкі скараціў розніцу ў ліку, але Сяргей Маляўка зноў аднавіў камфортную перавагу беларусаў.

Акрамя пачэснага трафею гарадзенцы атрымаюць таксама пуцёўку ў хакейную Лігу чэмпіёнаў. Да гэтага з беларускіх клубаў Кантынентальны кубак выйгравала толькі менскае “Юнацтва” (у 2007-ым і 2011-ым гг.)

Беларускае Радыё Рацыя