„Нёман” двойчы адолеў „Гомель”
У паўфінальнай серыі хакейнага чэмпіянату краіны гарадзенскі „Нёман” двойчы на сваім лёдзе перамог „Гомель”. Праўда, па характару гэтыя сустрэчы выдаліся зусім рознымі. Калі ў нядзелю гарадзенцы дамагліся пераканаўчай вікторыі 5:2 і не далі супернікам сур’ёзных шанцаў на поспех, то ў панядзелак усё вырашыў толькі авертайм.
У другім паядынку гомельцы акдрылі лік – на 14-й хвіліне колькасную бальшыню рэалізаваў Мядзель, гаспадары пляцоўкі неўзабаве параўнялі лічбы на табло – вызначыўся Аляксандр Маляўка.
У другім перыядзе Кліменка вывеў нёманцаў наперад, аднак на 30-й хвіліне Топаль у бальшыні аднавіў раўнавагу. Трэці перыяд закінутых шайбаў не прынёс. І толькі ў авертайме, ажно на 71-й хвіліне Арцём Кіслы трапным хвосткім стрэлам прынёс вікторыю гарадзенцам – 3:2.
Такім чынам лік у гэтай паўфінальнай серыі стаў 2-0 на карысць „Нёмана”.
Беларускае Радыё Рацыя