„Нёман” і берасцейскае „Дынама” дамагліся буйных вікторый
7 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі адзначаны падвышанай выніковасцю некаторых клубаў.
У пятніцу тур адкрылі мазырская „Славія” і ФК „Мінск”. У сустрэчы здарыўся сапраўдны трылер. Мазырцы ўпэўнена былі наперадзе, але за апошнія 5 хвілін страцілі сваю перавагу і дазволілі гасцям параўняць лік. І ўсё ж апошняе слова засталося за камандай трэнера Міхаіла Марціновіча. Ажно на 93-й хвіліне пераможны мяч забіў Дзяніс Кавалеўскі – 4:3.
У суботу праграму дня адкрылі „Іслач” і „Энергетык БДУ”. Каманда Віталя Жукоўскага перамагла 2:1 і на пэўны час нават узначаліла турнірную табліцу, набраўшы 15 ачкоў.
Гарадзенскі „Нёман” гасцяваў у Магілёве і дамогся пераканаўчай вікторыі над мясцовым „Дняпром” – 3:0. Голавы дубль аформіў абаронца гарадзенцаў Максім Яблонскі. Паміж яго галамі вызначыўся Алег Еўдакімаў.
„Нёман” набраў 13 ачкоў і часова выйшаў на 4-е месца.
Пазней берасцейскае „Дынама” прымала „Гарадзею”. Сустрэча скончылася разгромам гасцей – 4:0. На 33-й хвіліне пасля розыгрышу штрафнога бліскучы гарматны стрэл удаўся ўкраінскаму легіянеру Аляксандру Наёку. Пасля на авансцэну выйшаў Павел Няхайчык, які двойчы засмуціў галкіпера „Гарадзеі”. Завяршыў справу форвард Дзяніс Лапцеў на 94-й хвіліне.
Берасцейскае „Дынама” набрала 17 ачкоў і выйшла ў лідары турніру.
Жодзінскае „Тарпеда” позна ўвечары мінімальна адолела „Слуцк” – 1:0. Адзіны мяч на рахунку Мікіты Нікалаевіча (ён быў забіты на 84-й хвіліне). Жодзінцы набралі 14 пунктаў і перамясціліся на 4-е месца.
Беларускае Радыё Рацыя