„Нёман” і „Шахцёр” сталі першымі паўфіналістамі Кубка Прэзідэнта



Хакеісты салігорскага „Шахцёра” і гарадзенскага „Нёмана” дамагліся вырашальных перамог у чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф Кубка Прэзідэнта-2020 і выйшлі ў наступную стадыю розыгрышу ганаровага трафея. Хакеісты з горада калійшчыкаў у чацвёртым паядынку серыі святкавалі валявую перамогу над „Металургам” са Жлобіна – 3:2. На шайбы Ягора Воранава і Эдуарда Грыня салігорцы адказалі дакладнымі кідкамі Уладзіслава Бойка, Сяргея Багалейшы і Андрэя Феклістава. Такім чынам, лік у серыі да чатырох вікторый стаў 4:0 на карысць „Шахцёра”.

Гарадзенцы таксама аформілі выхад у паўфінал Кубка Прэзідэнта, у чатырох матчах адолеўшы „Магілёў”. У заключнай сустрэчы серыі „Нёман” не пакінуў „львам” шанцаў – 5:1. Лепшым гульцом матчу ў складзе пераможцаў быў прызнаны Арцём Ляўша, які закінуў сам і адзін раз асіставаў партнёру па камандзе.

Што тычыцца астатніх каманд, якія ўдзельнічаюць у чвэрцьфінале Кубка Презідента, то „Дынама-Маладзечна”, саступаючы дзве шайбы ў авертайме, здолела знайсці аргументы супраць „Гомеля” – 3:2. „Юнацтва” у кожным з трох перыядаў знаходзіў шляхі да брамкі аршанскага „Лакаматыва” – 3:0.  Такім чынам, „Дынама-Маладзечна” і „Юнацтва” павялі ў сваіх серыях з лікам 3:1.

БГК імя Мяшкова выйшаў у чвэрцьфінал SEHA-лігі

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова стаў апошнім удзельнікам чвэрцьфінальнай стадыі SEHA-лігі. У другім хатнім матчы 1/8 фіналу з кітайскім „Пекінам” чэмпіёны Беларусі святкавалі перамогу з лікам 41:23.

Адзін з лідараў берасцейцаў Мікіта Вайлупаў закінуў 2 мяча і з 90 галамі ўзначальвае спіс лепшых бамбардзіраў SEHA-лігі. У двухматчавай дуэлі за выхад у „Фінал чатырох” БГК імя Мяшкова 7 і 14 сакавіка  сустрэнецца з запарожскім „Маторам”.

Футбалісты Казахстана, Літвы і Албаніі сталі супернікамі беларусаў у Лізе нацый

Лёсаванне групавога этапу Лігі нацый УЕФА сезона 2020-2021 гадоў завяршылася ў Амстэрдаме. Футбалісты зборнай Беларусі выступяць у групе 4 лігі С разам з камандамі Казахстана, Літвы і Албаніі. У першым сезоне Лігі нацый беларусы згулялі паспяхова, падняўшыся з лігі D ў лігу С. Дзякуючы гэтаму поспеху, беларускія футбалісты захоўваюць шанцы ўпершыню ў гісторыі прабіцца ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Для гэтага падначаленым Міхаіла Мархеля 26 сакавіка трэба перамагчы ў Тбілісі каманду Грузіі, а затым 31 сакавіка ўжо ў Менску ўзяць верх над пераможцам сустрэчы Паўночная Македонія — Косава. Цікава, што матч Грузія – Беларусь у Тбілісі, на які прададзеныя ўсе квіткі, можа прайсці без гледачоў з-за каронавіруса. Пакуль жа на матчы ў сталіцы Грузіі чакаецца аншлаг, усе квіткі на арэну, якая змяшчае 54 тысячы гледачоў, былі прададзеныя яшчэ ў канцы лютага.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя