«Нёман» і «Шахцёр» згулялі ўнічыю



“Шахцёр» і „Нёман” пад праліўным дажджом згулялі ўнічыю ў цэнтральным матчы 18-га тура чэмпіянату краіны — 0:0.

Каманда з Салігорска з 34 ачкамі лідзіруе ў турнірнай табліцы, апярэджваючы БАТЭ па дадатковых паказчыках. У „Нёмана” 31 бал і трэцяе месца, аднак гарадзенцы маюць гульню ў запасе. Таксама ў безгалявую нічыю згулялі жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» і сталічнае «Дынама».

Футбалісты „Мінска” перамаглі „Энергетык-БДУ” з лікам 2:1 у сталічным дэрбі. У першым тайме сустрэчы на полі стадыёна „Трактар” супернікі абмяняліся галамі з пенальці. На 36-й хвіліне гульні „студэнтаў” вывеў наперад Яўген Юдчыц, а праз дзесяць хвілін Аляксандр Васільеў аднавіў парытэт. Пасля перапынку футбалісты „Мінска” здолелі вырваць перамогу, дзякуючы дакладнаму ўдару Аляксея Залескага на 51-й хвіліне матчу.

„Гроднааблспорт” і „Кіраўск-СДЮШАР” выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе

На чэмпіянаце Беларусі па пляжным футболе вызначыліся ўсе суіскальнікі ўзнагарод. У вырашальнай серыі за золата, як і год таму, сустрэнуцца дзеючы чэмпіён краіны „Гроднааблспорт” і „Кіраўск-СДЮШАР”. У паўфінальных матчах 13-га нацыянальнага першынства ў Кіраўску гаспадары двойчы перайгралі „Шчучын” – 4:0 і 6:4. Гарадзенская каманда не пакінула шанцаў супернікам з „Брэста” – 4:0 і 9:3. Няўдачнікі паўфінальных баталій праз тыдзень паспрачаюцца за бронзавыя медалі.

Самым тытулаваным беларускім клубам з’яўляецца барысаўскі БАТЭ: ён сем разоў станавіўся чэмпіёнам краіны. У двух папярэдніх першынствах запар золата заваяваў „Гроднааблспорт”.

«Лех» разграміў «Ягелонію» у Познані

Беластоцкая «Ягелонія» прайграла свой апошні матч сезона ў польскай экстракласе. Падначаленыя Івайла Пецева саступілі ў гасцях познаньскаму «Леху» 0:4. Галы ў гэтым матчы забілі Педра Тыба, Якуб Каміньскі, дубль на рахунку Крысціяна Гітк’яера. З улікам такога выніку каманда з Беластока па выніках чэмпіянату заняла 8-е месца ў табліцы, а каманда з Познані заняла другое месца ў табліцы, дзякуючы якому яна заваявала тытул віцэ-чэмпіёна Польшчы.

Сталі вядомыя пераможцы заключнага дня этапу Кубка Беларусі па веласпорце на шашы

Сталі вядомыя пераможцы і прызёры заключнага дня этапу Кубка Беларусі па веласпорце на шашы, які праводзіўся падчас адкрытага чэмпіянату Гарадзенскай вобласці. У гонцы крытэрыум у жанчын першае месца заняла Таісія Насковіч з Берасцейскай вобласці. Другой завяршыла гэты від спаборніцтваў Аліна Абраменка з Менска. Трэцяе месца на рахунку Таццяны Шараковай з Віцебскай вобласці. Дарэчы, для Таццяны гэта трэці медаль этапу Кубка Беларусі ў Гародні. Раней яна першынствавала ў групавой гонцы і „раздзелцы”. У гонцы крытэрыум у мужчын перамог гоншчык з Гародні Яўген Каралёк. Двухразовы чэмпіён свету ў стартах на трэку апярэдзіў берасцейца Яўгена Собаля, які заняў другое месца, і спартоўца з Менскай вобласці Васіля Строкава, які замкнуў тройку прызёраў. Напярэдадні Яўген Каралёк выйграў групавую гонку, а раней стаў срэбраным прызёрам у мужчынскай „раздзелцы”. Фінальны этап Кубка Беларусі па веласпорце на шашы пройдзе восенню 2020 года.

Беларускія шашысткі выйгралі ў каманды Кітая ў восьмым туры анлайн-турніру Кубка нацый

Беларускія шашысткі выйгралі ў каманды Кітая ў восьмым туры анлайн-турніру Кубка нацый. Спаборніцтвы праходзяць па 100-клетачных шашках пад эгідай Сусветнай федэрацыі шашак. У восьмым туры беларускі адолелі кітаянак з лікам 5:3. Жаночая зборная Беларусі набрала дзевяць балаў і займае пятае месца.

Люіс Гамільтан стаў пераможцам „Гран-пры Вугоршчыны”

Шасціразовы чэмпіён свету брытанец Люіс Гамільтан на „Мэрсэдэс” стаў пераможцам „Гран-пры Вугоршчыны”. Другое месца на трэцім этапе сезона у нідэрландца Макса Ферстапена, які прадстаўляе „Рэд Бул”, трэцяе – у яшчэ аднаго пілота „Мэрсэдэса” фіна Валтэры Ботаса.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fcshakhter.by