„Нёман” не змог адолець „Іслач” у хатняй гульні чэмпіянату Беларусі



Футбалісты „Нёмана” не здолелі перамагчы „Іслач” у хатнім паядынку 26-га тура чэмпіянату Беларусі. Паядынак у Гародні прайшоў у роўнай барацьбе, абедзве каманды мелі шанцы выйсці наперад, але мяч так і не пабываў у сетцы – нічыя 0:0. „Нёман” застаўся на другой пазіцыі, а „Іслач” па-ранейшаму займае чацвёрты радок у турнірнай табліцы. На трэцім месцы замацаваліся футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”, якія адолелі на выездзе салігорскі „Шахцёр” – 1:0. Пераможны мяч на 64-й хвіліне сустрэчы забіў Кірыл Прамудраў. У Наваполацку мясцовы „Нафтан” згуляў унічыю з мазырскай „Славіяй” – 2:2. Футбалісты „Смаргоні” перапынілі доўгую серыю без перамог, абыграўшы ў Барысаве сталічны „Энергетык-БДУ” з лікам 4:2. БАТЭ перамог футбалістаў „Слуцка”, саступаючы па ходу гульні два мячы. Дзмітрый Анцілеўскі аформіў хет-трык, прынёсшы перамогу БАТЭ – 4:3. Гол Сяргея Кісляка са штрафнога прынёс берасцейскаму „Дынама” перамогу ў матчы з „Мінскам” – 1:0. Берасцейцы з 27 ачкамі ідуць дзевятымі ў табліцы, у „Мінска” 26 балаў і 10-е месца.

„Сталіца” завяршыла выступы ў Лізе чэмпіёнаў па міні-футболе

Спартоўцы „Сталіцы” не прабіліся ў элітны раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У вырашальным паядынку чэмпіёны Беларусі ва ўпартай барацьбе саступілі гаспадарам турніру 8-й адборавай групы італьянскаму „Эбалі” з лікам 0:2. Абодва мячы менчане прапусцілі ў другой палове сустрэчы. Да гэтага падначаленыя Аляксандра Чыбісава ўпэўнена перамаглі грэчаскі „Дукас” – 5:2 і славацкі „Лучанец” – 3:1. Спартоўцы „Сталіцы” пяты раз выступалі ў Лізе чэмпіёнаў па міні-футболе, у 2017 і 2019 гадах ім удавалася прабіцца ў элітны этап кваліфікацыі.

Разгромам скончыўся матч «Манчэстэр Юнайтэд» – «Манчэстэр Сіці» ў АПЛ.

Сустрэча прайшла на стадыёне „Олд Трафард” у Манчэстэры і завяршылася перамогай гасцей з лікам 3:0. На 25-й хвіліне нарвежскі форвард Эрлінг Холанд вывеў „Манчэстэр Сіці” наперад. На 49-й хвіліне Холанд з перадачы Бернарду Сілвы аформіў дубль. На 80-й хвіліне нарвежац асіставаў Філу Фодэну. «Манчэстэр Сіці» пасля дзесяці праведзеных матчаў набраў 24 ачкі і падняўся на трэці радок турнірнай табліцы. „Манчэстэр Юнайтэд” з 15 ачкамі займае восьмае месца. Адзінаасобным лідэрам АПЛ з’яўляецца лонданскі «Тотэнхэм», у якога 26 ачкоў.

Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Авангард” у выязным матчы КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” завяршылі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Другім і заключным прыпынкам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага ў гэтым гасцявым турнэ стаў Омск, дзе „зубры” сустракаліся з шостай камандай Усходу „Авангардам” і перамаглі 4:3. „Зубры” дзеляць з ХК „Сочы” шостую-сёмую пазіцыі ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, у абодвух клубаў па 25 балаў. Наступны паядынак менчане правядуць 31 кастрычніка на хатняй арэне супраць чарапавецкай „Северсталі”.

Глеб Макаранка прынёс Беларусі пяты медаль маладзёжнага чэмпіянату свету

У сталіцы Албаніі Тыране завяршыўся чэмпіянат свету па барацьбе сярод атлетаў да 23 гадоў, удзел у якім пад нейтральным сцягам бралі беларускія спартоўцы. У заключны дзень спаборніцтваў былі разыграны пяць камплектаў узнагарод сярод змагароў грэка-рымскага стылю. Днём раней да вырашальнага паядынку ў вагавай катэгорыі да 63 кг дабраўся беларус Глеб Макаранка. У фінальнай сутычцы беларусу супрацьстаяў прадстаўнік Расіі Рахман Таўмурзаеў. Мацней быў супернік – параза з лікам 1:6 і срэбраны медаль.

Беларускае Радыё Рацыя