„Нёман” перамог берасцейскае „Дынама”
27 чэрвеня гарадзенскі „Нёман” у матчы 15 тура дасягнуў свайго клубнага рэкорду ў вышэйшай лізе. У звышпрынцыповым заходнебеларускім дэрбі гарадзенцы перамаглі чэмпіёна краіны – берасцейскае „Дынама” – 1:0.
Гэта 6-я запар вікторыя каманды Ігара Кавалевіча ў бягучым першынстве (рэкорд каманды ў гісторыі). З нетраў турнірнай табліцы нёманцы паступальна перамясціліся на трэці радок турнірнай табліцы і маюць яшчэ матч у запасе, каб перагнаць салігорскі „Шахцёр”.
Матч з берасцейцамі склаўся для гаспадароў поля зусім няпроста. „Дынама” таксама мела пераможную серыю, але гэта быў якраз той выпадак, калі каса на камень наскочыла. У першым тайме перавага нёманцаў, якіх вёў наперад капітан Валерый Жукоўскі, была адчувальнай. У адным спрэчным моманце суддзя прызначыў пенальці ў браму берасцейцаў, але пасля нарады з бакавым рэферы адмяніў гэтую кару. Але ўжо наступная хваля атакі прынесла гарадзенцам поспех. Высачэзны Павел Забелін узляцеў у паветра і эфектна завяршыў навес партнёра – у галкіпера „Дынама” Ігнатовіча не было шанцаў.
Пасля гэтага напруга матча яшчэ больш узрастала. „Нёман” мог не раз у контратаках падвоіць лік, аднак яго нападнікі ў завяршэнні дзеілі недакладна. У берасцейцаў таксама было пару шанцаў адыграцца, але ў цэлым ахвярнасць нёманцаў і прага выйграць былі вышэйшымі. Так сустрэча і завяршылася.
У папярэднім матчы дня салігорскі „Шахцёр” страціў пункты на выездзе з „Мінскам” – 1:1. Такім чынам салігорцы маюць зараз 27 ачкоў, а „Нёман” – 26. Столькі ж набралі студэнты сталічнага „Энергетыка”, у берасцейскага „Дынама” засталося 25 пунктаў.
У апошнім суботнім матчы лідар першынства барысаўскі БАТЭ нечакана саступіў менскаму „Дынама” – 0:2. Заўважым, што „бела-блакітныя” не перамагалі ў Барысаве з 2015 года. Тым не менш БАТЭ застаўся на першым месцы па выніках першага круга – 30 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя
фота ФК „Нёман”