„Нёман” перамог „Ліду” і ўзняўся на першае месца ў экстралізе
Гарадзенскі „Нёман” на хатняй арэне абыграў „Ліду” ў адзіным суботнім матчы экстралігі А з лікам 4:2 (2: 1, 2: 1, 0: 0) і ўзняўся на першае месца ў турнірнай табліцы.
Тым не менш, заўзятарам шматразовых чэмпіёнаў Беларусі прыйшлося істотна панервавацца. „Рыцары” далі сапраўдны бой супернікам з абласнога цэнтра. Першую шайбу закінуў лідчанін Аляксандр Чырва.
Гаспадары адыграліся на 13-й хвіліне першага перыяду і неўзабаве выйшлі наперад, шайбы на рахунку Віктара Туркіна і Ігара Равенкі.
На 23-й хвіліне паядынку Ціма Хільтунен зрабіў лік 3:1 на карысць гарадзенскага клуба. Гасцям удалося скараціць розніцу ў ліку да мінімуму, дзякуючы Андрэю Малаткову. На 35-й хвіліне Аляксей Бадун зноў вывеў гарадзенцаў на дзве шайбы наперад, усталяваўшы канчатковы лік матчу.
Такім чынам, гарадзенцы апынуліся на першым месцы ў турнірнай табліцы. Аднак ужо 22 верасня іх можа зрушыць салігорскі „Шахцёр”, якому ў нядзелю трэба згуляць нялёгкі хатні матч супраць „Дынама-Маладэчна”.