„Нёман” працягнуў кантракт з Ігарам Кавалевічам
Галоўны трэнер „Нёмана” Ігар Кавалевіч працягне працу з камандай. Новы кантракт разлічаны да канца наступнага сезона.
Кавалевіч узначальвае гарадзенскі клуб з лета 2016 года. У чэмпіянаце Беларусі-2020 „Нёман” да апошняга прэтэндаваў на п’едэстал і фінішаваў на 5-м месцы.
У лёгкаатлетычнай „Брыльянтавай лізе-2021” запланавана 13 этапаў і фінал
Сезон лёгкаатлетычнай „Брыльянтавай лігі” ў 2021 годзе будзе складацца з 13 этапаў. Старты пройдуць з мая па верасень у 12 краінах. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце спаборніцтваў. Спартоўцы на кожным этапе будуць спаборнічаць у 14 дысцыплінах. Па выніках 13 этапаў лёгкаатлеты, якія набралі найбольшую колькасць ачкоў, пройдуць у фінал, які адбудзецца ў Цюрыху. У праграму „Брыльянтавай лігі” ўвойдзе ў агульнай складанасці 32 дысцыпліны. Агульны прызавы фонд серыі складзе $7 млн. Пераможца серыі ў кожнай праграме атрымае па $30 тыс.
Беларускі не трапілі ў фінальныя топ-12 першага этапу Кубка свету
Беларускі не трапілі ў фінальныя топ-12 першага этапу Кубка свету па фрыстайле. Спаборніцтвы праходзяць у Фінляндыі. Валерыя Болматава з вынікам 67,08 заняла 15-е месца ў кваліфікацыі, а Анастасія Андрыянава размясцілася на 18-й пазіцыі – 61,62. Зборная Беларусі адправілася на месца правядзення без галоўнага трэнера Мікалая Казекі, а таксама Аляксандры Раманоўскай. Нязменнага настаўніка каманды фрыстайлістаў не ўзялі на перадсезонны збор.
„Ротар” вядзе перамовы з Іванам Маеўскім
Паўабаронца зборнай Беларусі Іван Маеўскі можа працягнуць кар’еру ў „Ротары”. Валгаградскі клуб, які займае апошняе месца ў расейскай прэм’ер-лізе, ужо правёў папярэднія перамовы з футбалістам, у якога заканчваецца тэрмін кантракту з „Астаной”. У хаўбеку зацікаўлены асабіста галоўны трэнер „Ротара” Аляксандр Хацкевіч. Аднак футбаліст пакуль не прыняў рашэнне пра сваю будучыню.
Асобныя клубы НХЛ разглядаюць магчымасць гульні на адкрытым паветры для допуску заўзятараў
Некалькі каманд Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) вывучаюць магчымасць правядзення матчаў новага сезону на адкрытым паветры для допуску заўзятараў на стадыёны. Пра гэта паведамляе тэлеканал TSN. На такі крок гатовыя пайсці ХК „Бостан”, „Караліна”, „Далас”, „Лос-Анджэлес”, „Нэшвіл” і „Пітсбург”. Астатнія каманды, якія базуюцца ў ЗША, адмовіліся ад гэтай ідэі. Клубы з Канады не разглядаюць варыянт гульні на адкрытым паветры для допуску заўзятараў з-за строгіх абмежаванняў унутры краіны, звязаных з пандэміяй каронавіруса.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: grodnonews.by